Як заявіў 16 лютага расейскі міністар фінансаў Антон Сілуанаў, Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР), які ўзначальвае Расея, ня мае магчымасьці выдзеліць Беларусі запытаныя крэдыты ў памеры $3,5 млрд, паведамляе Reuters.
У той жа час Масква гатовая аказаць Беларусі меншую падтрымку. Паводле Сілуанава, Расея была б гатовая рэфінансаваць сёлета доўг Беларусі перад Масквой і ЭФСР у памеры 1 мільярда даляраў.
Сьвятлана Ціханоўская так пракамэнтавала адмову Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця даць Беларусі 3, 5 мільярда даляраў:
«Я хачу нагадаць, што такую ж суму Эўразьвяз выдзеліць нашай краіне паводле Пляну ЭЗ для дэмакратычнай Беларусі. І пойдзе яна на стабілізацыю эканомікі і ўмацаваньне інфраструктуры, а не на рэпрэсіўны апарат ці прэміі набліжаным былога прэзыдэнта. Бо беларусам патрэбныя ня турмы і штрафы, а нармальныя кошты ў крамах, даступныя лекі і рэгулярная праца транспарту. Цяпер наша эканоміка мае патрэбу ў выратаваньні, але ёй таксама спатрэбіцца разьвіцьцё і рэформы пасьля транзыту — і для гэтага нам патрэбна дапамога іншых краін. Таму мы ўжо зараз працуем з міжнароднымі партнэрамі, каб пашырыць падтрымку свабоднай Беларусі».
У сьнежні Беларусь запытала ў ЭФСР 3,5 мільярда даляраў для рэфінансаваньня свайго доўгу ў сувязі з адсутнасьцю дапамогі ад эўрапейскіх фондаў, пасьля таго як супраць Менску ўвялі санкцыі на фоне маштабнага перасьледу і рэпрэсій супраць грамадзян за ўдзел у пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.