Пра гэта заявіў 11 лютага міністар унутраных спраў Іван Кубракоў у Магілёве на рэгіянальным сэмінары-нарадзе па пытаньнях правядзеньня рэспубліканскага рэфэрэндуму, піша БЕЛТА.
Паводле Кубракова, на ўсіх выбарчых участках падчас рэфэрэндуму будуць дзяжурыць супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Прадугледжаныя таксама супрацоўнікі, якія ў выпадку галасаваньня дома будуць суправаджаць чальцоў камісіі і гарантаваць іх бясьпеку.
«Там, дзе ёсьць нейкія сумневы і пытаньні, першым у памяшканьне будзе заходзіць міліцыянт, а потым ужо — прадстаўнік участковай камісіі», — дадаў Кубракоў.
Паводле яго, у кожным раёне будуць прадугледжаны мінімум 4 апэратыўныя групы, у якіх супрацоўнікі будуць цалкам экіпаваныя і будуць мець спэцыяльнае ўзбраеньне на выпадак узьнікненьня пазаштатных сытуацый.
Рэфэрэндум, які мае на мэце зьмяніць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, адбудзецца 27 лютага. Напярэдадні ўлады заблякавалі сайты zubr.media і xx2022.org — плятформы грамадзкага назіраньня за выбарамі і рэфэрэндумам. Прадстаўнікі заходніх краін ня лічаць рэфэрэндум дэмакратычным і не прызнаюць Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі. У прыватнасьці, у ЗША заявілі, што правядзеньне галасаваньня па зьмяненьнях у Канстытуцыю ня здолее разьвязаць палітычны крызіс.