Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон адмовіўся ад просьбы Крамля здаць расейскі ПЦР-тэст на COVID-19, і таму яго трымалі на адлегласьці ад расейскага кіраўніка Ўладзіміра Пуціна, паведамілі Reuters дзьве крыніцы з атачэньня Макрона.
Як адзначае агенцтва, назіральнікі былі ўражаныя карцінай, як Макрон і Пуцін сядзяць на супрацьлеглых канцах 4-мэтровага стала для абмеркаваньня крызісу ва Ўкраіне 7 лютага, пры гэтым некаторыя дыпляматы і іншыя выказвалі здагадкі, што Пуцін, магчыма, хоча такім чынам адправіць дыпляматычнае пасланьне.
Паводле крыніц Reuters, Макрону далі выбар: альбо ён здае ПЦР-тэст у Расеі і зможа наблізіцца да Пуціна, або будзе вымушаны прытрымлівацца больш строгага сацыяльнага дыстанцыяваньня.
«Мы не маглі дапусьціць, каб яны атрымалі ДНК прэзыдэнта», — сказала адна з крыніц Reuters.
Другая крыніца ў атачэньні Макрона пацьвердзіла, што прэзыдэнт Францыі адмовіўся ад расейскага ПЦР-тэсту, і ўдакладніла, што ён здаваў ПЦР-тэст у Францыі, перад вылетам, а таксама аналіз на антыген, які ягоны пэрсанальны лекар зрабіў у Расеі.