Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Паўла Латушку завялі чарговую крымінальную справу


Павал Латушка
Павал Латушка

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Беларусі завёў крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушкі «па факце атрыманьня хабару».

Як паведамляе ведамства, адзін з кіраўнікоў беларускай кампаніі, якая займаецца вытворчасьцю кіна- і відэапрадукцыі, расказаў пра перадачу Латушку ў 2012 годзе хабару ў памеры 10 000 даляраў ЗША. На той момант Латушка быў міністрам культуры Беларусі.

«У выніку было спрыяльна вырашана пытаньне аб уключэньні адпаведнага кінапраекту ў плян фінансаваньня вытворчасьці фільмаў на 2012–2013 гады», — сьцьвярджае ведамства.

На Паўла Латушку завялі справу паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі, паводле якога яму пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Гэта ўжо восьмы крымінальны артыкул, паводле якога Латушку абвінавачваюць у Беларусі. Акрамя гэтага, Паўла Латушку ў Беларусі абвінавачваюць у:

  • змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 КК),
  • стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (ч. 1 арт. 361-1 КК),
  • закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы (ч. 3 арт. 361 КК),
  • самавольным прысваеньні ўлады (арт. 38 КК),
  • спробе акту тэрарызму (ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289 КК),
  • перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК).

Павал Латушка быў міністрам культуры і амбасадарам Беларусі ў Францыі і Польшчы, потым кіраваў Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы. Яго звольнілі з пасады пасьля таго, як ён выказаўся супраць міліцэйскага гвалту і фальсыфікацыі выбараў. Са жніўня 2022 году Павал Латушка ў Польшчы. Ён ачольвае Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва.

У канцы студзеня стала вядома, што Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў крымінальную справу ў дачыненьні да дачкі Паўла Латушкі Яны. Паведамляецца, што яе кватэра арыштаваная.

Уначы 31 студзеня затрымалі стрыечнага брата Паўла Латушкі Анатоля Латушку — за маляваньне «Пагоні» праз шаблёны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG