Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд заявіла аб пагрозе вялікай вайны ў Эўропе


Вікторыя Нуланд
Вікторыя Нуланд

Намесьніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд таксама мяркуе, што выцек канфідэнцыйнага адказу ЗША на патрабаваньні Расеі ў гішпанскую газэту El País арганізавала Расея.

У інтэрвію расейскаму агенцтву ТАСС Вікторыя Нуланд заявіла аб пагрозе «вялікай вайны ў Эўропе» — у сувязі з абвастрэньнем сытуацыі вакол Украіны — і патлумачыла пазыцыю Злучаных Штатаў у пытаньні перамоваў з Расеяй аб так званых гарантыях бясьпекі.

Паводле Нуланд, Вашынгтону і Маскве «надышоў час вярнуцца за стол перамоваў і працаваць над кантролем над узбраеньнямі, над скарачэньнем ваенных рызык, удасканальваць і дашліфоўваць наяўную сыстэму пад рэаліі XXI стагодзьдзя, а не выкідваць яе ў акно і, безумоўна, ня мець вялікую вайну у Эўропе».

Намесьніца Дзяржсакратара таксама пракамэнтавала асьцярогі Расеі наконт таго, што пашырэньне NATO нібыта парушае прынцып «непадзельнасьці бясьпекі». Паводле яе слоў, гэта Расея пагражае непадзельнасьці бясьпекі, паколькі яна «ўварвалася ў Грузію, трымае войскі ў Малдове насуперак волі ўраду гэтай краіны, а таксама анэксавала Крым і ўварвалася ў Данбас».

Яна таксама выступіла за рэалізацыю менскіх пагадненьняў аб урэгуляваньні канфлікту ў Данбасе, адзначыўшы, што Расея павінна спыніць аказваць вайсковую падтрымку сэпаратыстам і вывесьці свае сілы з Украіны.

Паводле слоў Нуланд, расейскі народ «заслугоўвае бясьпекі, заслугоўвае росквіту, заслугоўвае лепшай аховы здароўя», і яму не патрэбная «вялікая вайна». «Нікому ня трэба, асабліва Расеі, каб дадому дастаўлялі загінулых у мяшках для трупаў» — двойчы за інтэрвію паўтарыла Нуланд.

Намесьніца дзяржсакратара таксама заявіла, што ў ЗША амаль упэўненыя, што менавіта Расея арганізавала выцек у іспанскую газэту El País канфідэнцыйных адказаў Вашынгтону і яго саюзьнікаў на расейскія патрабаваньні так званых гарантый бясьпекі. «Пазнакі на дакумэнце былі тымі ж самымі, якія былі на перададзеным намі Расейскай Фэдэрацыі» — сказала яна. У расейскай амбасадзе ў Вашынгтоне назвалі гэтае сьцьвярджэньне «кансьпіралёгіяй».

  • Сярод высунутых Расеяй патрабаваньняў было, у прыватнасьці, недапушчэньне пашырэньня NATO і адмова ЗША ад вайсковага супрацоўніцтва з Украінай. Гэтыя патрабаваньні былі адпрэчаныя. ЗША і іх саюзьнікі аднак прапанавалі Маскве правесьці перамовы па шэрагу пытаньняў, зьвязаных з гарантаваньнем бясьпекі, у тым ліку аб абмежаваньні ўзбраеньняў.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG