Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША падрыхтавалі санкцыі супраць атачэньня Пуціна ў выпадку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну


ЗША і іх саюзьнікі падрыхтавалі сьпіс асобаў з атачэньня расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, супраць якіх могуць быць уведзены пэрсанальныя санкцыі ў выпадку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Пра гэта пішуць Reuters і Financial Times.

Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі Джо Байдэна расказаў, што ў сьпіс уключаныя фізычныя асобы, якія «ўваходзяць у блізкае кола Крамля або блізкія да яго, а таксама адыгрываюць ролю ў прыняцьці ўладамі Расеі рашэньняў або як мінімум удзельнічаюць у дэстабілізуючых дзеяньнях Крамля». Гэта могуць быць чыноўнікі, вышэйшыя службовыя асобы і чальцы рады дырэктараў дзяржаўных кампаній.

Па словах крыніцы, гэтыя санкцыі «адрэжуць іх ад міжнароднай фінансавай сыстэмы і прывядуць да таго, што іх сямейнікі больш ня змогуць карыстацца прывілеем захоўваць свае грошы на Захадзе і паступаць у элітныя заходнія ўнівэрсытэты».

Пэрсанальныя санкцыі прапануецца прыняць на дадатак да абмежаваньняў супраць банкаўскага і энэргетычнага сэктараў Расеі.

У МЗС Вялікай Брытаніі раней абвясьцілі, што плянуецца ўнесьці папраўкі ў законы, якія дазволяць уводзіць санкцыі супраць расейскіх банкаў, энэргетычных кампаній і «алігархаў, блізкіх да Крамля», у сувязі з пагрозай расейскага збройнага ўварваньня ва Ўкраіну.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў назваў «трывожнай», «ня толькі для нас, для нашых кампаній», гэтую заяву, якая «дэманструе немалую непрадказальнасьць Лёндану». Ён заявіў, што «гаворка ідзе пра непрыкрытую атаку на бізнэс», і прыгразіў рэакцыяй у адказ у выпадку, калі Лёндан зробіць такія захады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG