Пазыцыю беларускіх уладаў для замежных аташэ агучыў начальнік Генэральнага штабу Узброеных Сіл — першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч, якога цытуе прэсавая служба абароннага ведамства.
Што сказаў Гулевіч:
- «Падрыхтоўка праверкі праходзіць ва ўмовах складанага ваенна-палітычнага становішча. Апошнія падзеі ў Казахстане паказалі, як вырасла роля калектыўных вайскова-палітычных саюзаў у забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі дзяржаў».
- «Галоўным вынікам мерапрыемстваў стане ацэнка здольнасьці органаў вайсковага кіраваньня і войскаў (сіл) выканаць задачы ў забесьпячэньні ваеннай бясьпекі саюзнай дзяржавы».
- «Праверка праводзіцца ў два этапы і на завяршальным этапе заплянавана правядзеньне сумеснага беларуска-расейскага вучэньня „Саюзная рашучасць – 2022“».
- «Пры распрацоўцы ідэі праверкі ў тым ліку ўлічылі аналіз разьвіцьця падзей, якія адбываліся вакол нашай краіны ў 2020 годзе, усе недружалюбныя пасылы і неабгрунтаваная канцэнтрацыя войскаў, а таксама разьвіцьцё крызіснай сытуацыі ў Рэспубліцы Казахстан».
- «На першым этапе да 10 лютага войскі, якія правяраюць, перамесьцяцца камбінаваным спосабам у зыходныя раёны і правядуць комплекс мерапрыемстваў для зладжваньня падразьдзяленьняў.
- У далейшым вылучацца ў прызначаныя раёны, каб выканаць вучэбна-баявыя задачы. Калі скончыцца перабазаваньне часткі авіяцыі ВПС і войскаў СПА Беларусі і Паветрана-касьмічных сіл Расеі, яны пачнуць сумесна патруляваць паветраную прастору».
- «Адно з асноўных пытаньняў, якія адпрацуюць падчас першага этапу, — гэта забесьпячэньне своечасовага стварэньня ў кароткія тэрміны груповак войскаў (сіл) на пагражальных напрамках у адпаведнасьці з пэўнай абстаноўкай».
- «Ацэняць гатоўнасьць і здольнасьць выканаць вучэбна-баявыя задачы сіламі і сродкамі сумеснага навучальна-баявога цэнтра СПА».
- «Актыўная фаза праверкі пачнецца з 10 лютага правядзеньнем сумеснага вучэньня „Саюзная рашучасьць – 2022“, тэмай якога стане спыненьне і адбіцьцё вонкавай агрэсіі ў ходзе вядзеньня абарончай апэрацыі, а таксама процідзеяньне тэрарызму і абарона інтарэсаў саюзнай дзяржавы».
- «На другім этапе асноўную ўвагу нададуць вядзеньню абарончых дзеяньняў на прызначаных рубяжах па прыкрыцьці мяжы Беларусі, у тым ліку на паўднёвым напрамку, адпрацоўцы вучэбна-баявых задач у агнявой паразе праціўніка, які ўварваўся, у тым ліку з баявой стральбой і правядзеньнем бамбамятаньня авіяцыяй. У заключнай фазе вучэньня адпрацуюць пытаньні разгрому суперніка правядзеньнем контранаступальных дзеяньняў».
- «Нягледзячы на пазаплянавасьць праверкі і прыцягненьне да яе часткі органаў вайсковага кіраваньня, злучэньняў і воінскіх частак, ва Ўзброеных сілах у гэты пэрыяд далей выконваюцца мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі ў адпаведнасьці з плянам падрыхтоўкі Узброеных Сіл у гэтым навучальным годзе».
- «Навучаньне зьяўляецца завяршальным этапам сумеснай праверкі сіл рэагаваньня саюзнай дзяржавы і накіравана, перш за ўсё, на павышэньне навучанасьці войскаў».
- «Навучаньне, якое праводзіцца ў рамках праверкі, носіць асабліва абарончы характар і не нясе ніякай пагрозы ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасьці. Яно дазволіць на практыцы ўдасканальваць мэханізм сумеснага выкарыстаньня абароннай інфраструктуры і праверыць гатоўнасьць і здольнасьць прызначаных сіл выканаць задачы па прызначэньні».
- «Па заканчэньні праверкі воінскія часткі і падразьдзяленьні ўзброеных Сіл Расеі пакінуць тэрыторыю Беларусі, што адбывалася пасьля ўсіх папярэдніх вучэньняў».
У Беларусь на манэўры штодня прыбываюць расейскія вайсковыя падразьдзяленьні і тэхніка. На першым этапе манэўраў, да 9 лютага, праводзіцца іх перадысьлякацыя да месца правядзеньня вучэньняў.
Расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022» павінны адбыцца з 10 па 20 лютага на тэрыторыі Беларусі. Вайсковыя экспэрты лічаць, што такім чынам Расея можа рыхтаваць напад на Ўкраіну або правакацыі.
Расейцы перамяшчаюцца па чыгунцы і аўтамабільных дарогах агульнага карыстаньня. Акрамя гэтага, расейская авіяцыя ўжо выкарыстоўвае беларускія вайсковыя аэрадромы.
З афіцыйных паведамленьняў вядома, што расейскія войскі ў Беларусі разьмесьцяцца на шэрагу палігонаў паблізу ад межаў Беларусі з Украінай, Польшчай і Літвой. Гэта Обуз-Лясноўскі, Берасьцейскі, Гожаскі, Асіповіцкі і Даманаўскі палігоны.
Аднак расейскія войскі заўважаюць блізка да ўкраінскай мяжы ў месцах, якія не фігуравалі ў анонсе вучэньняў.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.