У сярэдзіне дня 24 студзеня на сайце Беларускай чыгункі адбыўся збой — перасталі працаваць сэрвіс онлайнавай куплі квіткоў і даведачная інфармацыя. На прадпрыемстве спасылаліся на тэхнічную прычыну, а «Кібэрпартызаны» заявілі, што гэта яны ўчынілі атаку на кампутарную сетку, каб «запаволіць і парушыць працу дарогі».
Онлайн-сэрвісы БЧ не працуюць ужо другі дзень, пры заходзе на сайт і ў мабільны дадатак зьяўляецца інфармацыя, што рэсурсы недаступныя «з тэхнічных прычын».
У службе падтрымкі пасажыраў Zerkalo.io не змаглі даць адказ, калі паломкі паправяць і сэрвісы запрацуюць. Спэцыяліст ня стала пацьвярджаць або абвяргаць інфармацыю пра зьнешні напад: «У нас такой інфармацыі няма».
Крыніца, знаёмая з сытуацыяй, ананімна пацьвердзіла Zerkalo.io, што ўчора на чыгунцы быў збой — «нічога нідзе не кіравалася». Паводле суразмоўцы, гэта паўплывала на працу прадпрыемства, аднак ён не ўдакладніў, на якія канкрэтна сыстэмы ці сэрвісы. Цяпер, паводле яго, «усё ў парадку».
Яшчэ адна ананімная крыніца выказала меркаваньне, што прычынамі няштатнай сытуацыі маглі быць звычайны збой або паломка абсталяваньня, а таксама некампэтэнтныя дзеяньні абслуговых асобаў. Але ня выключыла, што прычынай магла быць і кібэратака.
Паводле непацьверджанай інфармацыі з тэлеграм-каналу @belzhd_live, КДБ і ААЦ цяпер шукаюць датычных да ўзлому ва Ўпраўленьні і разьліковым цэнтры БЧ.
Раней адказнасьць за збой у працы сэрвісу ўзяла на сябе суполка «Кібэрпартызаны». Яны запатрабавалі вызваліць 50 палітвязьняў, якім патрэбная тэрміновая дапамога, і прыпыніць групаваньне расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.