Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Анатоля Лябедзьку завялі крымінальную справу


Анатоль Лябедзька пасьля 30-дзённага арышту
Анатоль Лябедзька пасьля 30-дзённага арышту

Апазыцыйны палітык цяпер за межамі Беларусі.

Пра тое, што на Анатоля Лябедзьку завялі крымінальную справу, расказаў сам палітык у ютуб-канале:

«Маю жонку выклікаюць у РАУС Маскоўскага раёну Менску. У якасьці сьведкі па крымінальнай справе, распачатай у адносінах да мяне. Які артыкул? Пакуль не ведаю, але мяркую, што ён можа быць такі самы, як у блогераў Пятрухіна, Сьпірына ці ў палітыкаў Севярынца, Статкевіча».

Анатоль Лябедзька быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га скліканьняў, 18 гадоў узначальваў Аб‘яднаную грамадзянскую партыю. Калі пакінуў выбарную пасаду, зарэгістраваў і ўзначаліў цэнтар дасьледаваньняў і прагнозаў разьвіцьця «Эўрапейскі дыялёг», які ўлады цяпер закрываюць.

У Беларусі ён неаднаразова зазнаваў перасьлед з боку ўладаў.

Апошні раз Анатоля Лябедзьку затрымалі летась 14 траўня, калі ён прыйшоў падтрымаць абвінавачаных па справе студэнтаў. Тады палітыка асудзілі на 30 сутак арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Раніцай у дзень, калі Анатоля мусілі выпусьціць на волю, ягонай жонцы паведамілі, што ў ЦІП яго няма, бо ён ужо вызвалены. Пазьней стала вядома, што Лябедзьку таемна вывезьлі зь ЦІП на Акрэсьціна і высадзілі на ўскраіне Менску. Дадому ён дабраўся на таксі.

Праз пэўны час пасьля свайго вызваленьня Анатоль Лябедзька пакінуў Беларусь. Пазьней палітык расказаў, што зьехаць з краіны давялося на просьбу сям’і.

«Яны ўжо псыхалягічна стаміліся ад трывожнага чаканьня, што могуць чарговым разам кінуць за краты», — казаў Лябедзька.

Напрыканцы верасьня 2021 году стала вядома, што дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская прызначыла Анатоля Лябедзьку прадстаўніком па парлямэнцкім супрацоўніцтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG