Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра гіпатэтычную вайну: «Беларусь і Расея тады ламануць так, што мала не падасца»


Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Берасьцейскую вобласьць. 21 студзеня 2022 г.
Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Берасьцейскую вобласьць. 21 студзеня 2022 г.

«З намі ня трэба зьвязвацца, нас немагчыма перамагчы», — гэтак Лукашэнка прыгразіў Захаду ў выпадку нападу на так званую «саюзную дзяржаву» Беларусі і Расеі.

Чарговы раз тэму магчымай вайны Аляксандар Лукашэнка закрануў падчас размовы з журналістамі пасьля наведваньня вайсковых аб’ектаў у Лунінецкім раёне.

«Мы выбудоўваем сваю бясьпеку зыходзячы з таго, каб абараняць нашы рубяжы, каб абараніцца. Хто б мог уявіць, што нам давядзецца ў гэтыя дні выбудоўваць абарону ад родных нам людзей? Выбудоўваць ня проста плот, але самую дарагую сыстэму бясьпекі на паўднёвых рубяжах», — перадае словы Лукашэнкі БЕЛТА.

Лукашэнка чарговым разам узьняў тэму гіпатэтычнай вайны. Ён падкрэсьліў, што калі супраць «саюзнай дзяржавы» пачнуць разгортваць арміі, ставіць на мяжу выжываньня санкцыямі, запалохваць і пагражаць, то Беларусь і Расея тады «ламануць так, што мала не падасца».

«Таму з намі ня трэба зьвязвацца. Нас немагчыма перамагчы. І па духу мы людзі такія, што немагчыма перамагчы, і па тэрыторыі: ад Берасьця да Ўладзівастоку — ужо многія спрабавалі, мы памятаем. Чым скончылася — зразумела. Таму ня трэба нас тузаць. Мы нікому ў агарод ня лезем, у нас дастаткова зямлі. Дай бог яе ўтрымаць і асвоіць. Вось нашы мэты. Але яшчэ раз паўтараю, калі хтосьці не зразумеў: мала не падасца. Я не пагражаю, я проста папярэджваю: уратуй вас бог!» — сказаў Лукашэнка.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, ён закрануў тэму абвешчанага ўчора рэфэрэндуму па зьменах у Канстытуцыю і назваў умову, пры якой ён можа не адбыцца.

«Рэфэрэндум па Канстытуцыі ў Беларусі можа не адбыцца толькі ў адным выпадку — калі, ня дай бог, пачнецца вайна. Я пра гэта казаў. Я думаю, не пачнецца. Таму мы правядзём рэфэрэндум», — сказаў ён.

Учора стала вядома, што рэфэрэндум прызначаны на 27 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG