Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жэнэве прайшлі перамовы дзяржсакратара ЗША Блінкена і кіраўніка МЗС Расеі Лаўрова. Вынікі


Энтані Блінкен (зьлева) і Сяргей Лаўроў
Энтані Блінкен (зьлева) і Сяргей Лаўроў

У Жэнэве завяршыліся перамовы кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова і дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.

Сяргей Лаўроў па выніках сустрэчы назваў яе прамежкавай. Ён заявіў, што амэрыканскі бок паабяцаў на будучым тыдні прадставіць пісьмовы адказ на расейскія патрабаваньні.

Кіраўнік МЗС Расеі пацьвердзіў, што на сустрэчы абмяркоўвалася сытуацыя вакол Украіны, у тым ліку асьцярогі ЗША адносна магчымага расейскага ўварваньня ў гэтую краіну. Паводле Лаўрова, афіцыйныя прадстаўнікі Расеі ніколі не пагражалі «ўкраінскаму народу».

Паводле слоў Блінкена, мэтай сустрэчы было зразумець, ці гатовая Расея далей прытрымлівацца дыпляматычнага шляху. Блінкен пацьвердзіў, што пасьля кансультацый з саюзьнікамі ЗША перададуць Расеі свой пісьмовы адказ на яе патрабаваньні. Як заявіў дзяржсакратар, ЗША і іх саюзьнікі гатовы весьці перамовы па гэтым пытаньні, і сказаў, што ў Захаду таксама ёсьць свае прапановы да Расеі. Дзяржсакратар сказаў, што Расея павінна выбраць дыпляматыю, а не працяг агрэсіі супраць Украіны. Адначасова ён запэўніў, што ЗША гатовыя да абодвух варыянтаў.

«Мы выразна далі зразумець, што перасячэньне мяжы Ўкраіны любымі расейскімі ўзброенымі сіламі будзе лічыцца ўварваньнем, і за гэтым наступіць хуткі, жорсткі і адзіны адказ з боку ЗША, а таксама нашых партнэраў і саюзьнікаў», – заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Жэнэве дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

Сустрэча Блінкена і Лаўрова працягвалася паўтары гадзіны. Паводле дадзеных Інтэрфакса, першапачаткова меркавалася, што перамовы будуць дзьвюхгадзінныя.

На пачатку сустрэчы дзяржсакратар ЗША заявіў, што надышоў крытычны момант. Па словах Блінкена, Вашынгтон гатовы да дыялёгу з Расеяй для дээскаляцыі сытуацыі, але не выключае жорсткага адказу, калі Расея нападзе на Ўкраіну. На пачатку сустрэчы Блінкен таксама заявіў, што ЗША заклікаюць Маскву неадкладна вызваліць двух амэрыканцаў, асуджаных у Расеі. Гаворка ідзе пра Поля Ўілана (яго прызналі вінаватым у шпіянажы) і Трэвара Рыда (яшчэ адзін былы амэрыканскі грамадзянін, які быў прызнаны вінаватым у нападзе на паліцэйскага).

Лаўроў выказаў надзею, што ў Дзярждэпартамэнце вывучылі расейскія прапановы па так званых гарантыях бясьпекі.

Тэлеканал «Настоящее время» вядзе прамую трансьляцыю прэс-канфэрэнцый Блінкена і Лаўрова пасьля сустрэчы:

Перамовы паміж Лаўровам і Блінкенам сталі чацьвёртымі ў сэрыі сустрэч паміж прадстаўнікамі Расеі і Захаду за апошнія дні. Гэтыя сустрэчы праходзяць на фоне паведамленьняў аб перакідваньні расейскіх войскаў да межаў Украіны і асьцярогаў Захаду наконт таго, што Расея можа пачаць уварваньне ў гэтую краіну.

Раней стала вядома, што ў Кангрэс ЗША ўнесьлі новы праект санкцыяў супраць Расеі. На разгляд у амэрыканскі парлямэнт законапраект пад назвай «Аб адказнасьці Пуціна» падаў рэспубліканец Джым Бэнкс. Згодна з праектам, новыя абмежаваньні павінны закрануць асабіста прэзыдэнта Расеі, яго блізкае атачэньне, расейскіх высокапастаўленых чыноўнікаў і мільярдэраў. Мяркуецца, што, акрамя Пуціна і чальцоў яго сям’і, санкцыі ўвядуць супраць яшчэ 35 чалавек. Яны закрануць:

  • прэмʼер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна,
  • прэс-сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова,
  • дырэктара ФСБ Аляксандра Бортнікава,
  • галоўнага рэдактара тэлеканала RT Маргарыту Сіманьян,
  • кіраўнікоў дзяржкампаній, у прыватнасьці «Газпрома» і «Раснафты»,
  • мільярдэраў Рамана Абрамовіча і Алега Дзерыпаскі.

За апошнія тыдні гэта ўжо трэці законапраект аб санкцыях супраць Расеі, унесены ў Кангрэс ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG