Палітвязень Ільля Смольскі скончыў адбываць пакараньне
14 студзеня ён выйшаў на волю.
Берасьцейца Ільлю Смольскага абвінавацілі ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга. Паводле матэрыялаў справы, 16 верасьня каля гадзіны ночы нехта падышоў да будынка харэаграфічнай школы ў Берасьці і, падскочыўшы, тузануў дзяржаўны сьцяг, пры гэтым дзяржаньне зламалася і сьцяг упаў на зямлю. Суд прызначыў Смольскаму 1 год «хіміі».
Пакараньне Ільля Смольскі адбываў у ПУАТ № 26 у Горадзенскім раёне.
Ад Дзяніса Івашына па-ранейшаму няма лістоў
Маці палітзьняволенага журналіста Людміла Івашына паведаміла ў фэйсбуку, што ўжо шмат месяцаў не атрымлівала ад сына ніякіх лістоў і паштовак. Дзяніса пастаянна караюць ШЫЗА і проста абмяжоўваюць у ліставаньні.
«127 дзён без адзінага паведамленьня ад сына. Бяз права перапіскі. Якая ганьба за краіну. Балюча і сорамна».
Былы палітвязень Кірыл Чарткоў пакінуў Беларусь
Праваабаронцам стала вядома, што мянчук Кірыл Чарткоў выехаў за мяжу і цяпер знаходзіцца ў бясьпецы. Кірыла затрымалі 14 жніўня 2021 году і да суду ўтрымлівалі пад вартай. Яго абвінавацілі ў арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК РБ) за падзеі 11 жніўня 2020 году ў Менску.
У верасьні летась Чарткова асудзілі на 3 гады «хіміі».
Мікола Дзядок сустрэў Новы год у карцары
Палітзьняволены актывіст анархісцкага руху і блогер Мікалай Дзядок у лісьце з магілёўскай турмы распавёў, што на Новы год яго зьмясьцілі ў карцар, але прычына і тэрмін пакараньня невядомыя, піша «Вясна». Таксама палітвязень у лісьце напісаў пра свае надзеі:
«Згодзен, што абавязкова ўсе будзем дома, але вось хутка ці не, гэта ўжо прадказаць цяжка. Будзем верыць у лепшае, але будзем гатовыя да ўсяго».
Мікола распавёў, што цяпер чытае мэмуары Генры Форда — «досыць цікава». На чарзе — «Майстар і Маргарыта». Як піша палітвязень, гэта будзе яго другая спроба прачытаньня кнігі, бо першая — у 16 гадоў — была няўдалая.