Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскія манэўры ля ўкраінскай мяжы пачнуцца 10 лютага, — Мінабароны


Памочнік міністра абароны Беларусі ў пытаньнях міжнароднага супрацоўніцтва Алег Воінаў
Памочнік міністра абароны Беларусі ў пытаньнях міжнароднага супрацоўніцтва Алег Воінаў

З гэтай нагоды ў Мінабароны запрасілі замежных дыпляматаў.

18 студзеня начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны Алег Воінаў правёў брыфінг для аташэ ў пытаньнях абароны, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь.

Як паведамляе Мінабароны, ён расказаў аб «праверцы сіл рэагаваньня Саюзнай дзяржавы», якая пройдзе на тэрыторыі Беларусі ў лютым.

Воінаў заявіў, што манэўры праводзяцца на фоне абвастрэння ваенна-палітычнага становішча ў сьвеце, працягваецца рост напружанасьці ў Эўропе, у тым ліку каля заходняй і паўднёвай межаў Рэспублікі Беларусь.

Віонаў сказаў, што манэўры пройдуць у два этапы. На першым этапе, да 9 лютага, плянуюцца:

  • перадыслякацыя і стварэньне ў кароткія тэрміны груповак войскаў (сіл) на пагражальных кірунках;
  • арганізацыя і ажыцьцяўленьне аховы і абароны важных дзяржаўных і вайсковых аб’ектаў;
  • ахова дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы, у тым ліку ў рамках Адзінай рэгіянальнай сыстэмы ППА Беларусі і Расеі;
  • ацэнка гатоўнасьці і здольнасьці дзяжурных па СПА сіл і сродкаў, у тым ліку сумеснага вучэбна-баявога цэнтру СПА выканаць вучэбна-баявыя задачы з выкарыстаньнем кантрольных цэляў.

На другім этапе праверкі, з 10 па 20 лютага, будзе праведзена сумеснае вучэньне «Саюзная рашучасьць – 2022».

У ходзе манэўраў адпрацуюць:

  • узмацненьне ўчасткаў дзяржаўнай мяжы на магчымых кірунках незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Беларусі ўзброеных груп баевікоў,
  • перакрыцьце каналаў дастаўкі зброі, боепрыпасаў і іншых сродкаў, якія могуць выкарыстоўвацца для дэстабілізацыі становішча ў краіне з заняцьцем прызначаных рубяжоў і абсталяваньнем блёкпастоў;
  • пошук, блякаванне і зьнішчэньне незаконных узброеных фармаваньняў і дывэрсійна-выведных груп суперніка;
  • асобныя пытаньні постканфліктнага ўрэгуляваньня.

Да манэўраў прыцягнуць частку сіл і сродкаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама органы вайсковага кіраваньня, шэраг воінскіх частак і падраздзяленьняў Усходняй вайсковай акругі Ўзброеных сіл Расеі.

Практычныя дзеяньні войскаў (сіл) пройдуць на палігонах «Абуз-Лясноўскі», «Асіповіцкі», «Брэсцкі», «Гожскі» і «Даманаўскі», а таксама на асобных участках мясцовасьці. Плянуецца задзейнічаць аэрадромы Баранавічы, Лунінец, Ліда, Мачулішчы.

Паводле зьвестак амэрыканскай выведкі на 7 студзеня, на мяжы Расеі з Украінай знаходзяцца больш за 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Таксама там заўважылі дадатковыя баявыя самалёты.

Расейскія ўлады адмаўляюць магчымасьць уварваньня і заяўляюць, што перасоўваньне вайскоўцаў унутры краіны — гэта «сувэрэннае права» Расеі. Паведамленьні аб уварваньні Масква называе «беспадстаўным нагнятаньнем напружанасьці».

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG