Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NYT: Расея пачала эвакуаваць сем’і дыпляматаў з Кіева і Львова. МЗС Украіны і Расеі пярэчаць

абноўлена

Амбасада Расеі ў Кіеве
Амбасада Расеі ў Кіеве

Дыпляматам у двух расейскіх консульствах загадана падрыхтавацца да выезду з тэрыторыі Ўкраіны. Пра гэта піша газэта The New York Times са спасылкай на высокапастаўленага супрацоўніка Службы бясьпекі Ўкраіны.

Суразмоўца выданьня сьцьвярджае, што 18 чалавек, пераважна дзеці і жонкі расейскіх дыпляматаў, пакінулі Ўкраіну 5 студзеня. Яшчэ каля 30 чалавек выехалі з амбасады Расеі ў Кіеве і консульства ў Львове ў наступныя дні.

Афіцыйны прадстаўнік ЗША паведаміў, што Вашынгтон ведаў пра эвакуацыю. «У нас ёсьць інфармацыя, якая ўказвае на тое, што расейскі ўрад рыхтаваўся да эвакуацыі чальцоў іх сем’яў з амбасады Расеі ва Ўкраіне ў канцы сьнежня і пачатку студзеня», — гаворыцца ў заяве.

Скарачэньне колькасьці супрацоўнікаў амбасады Расеі можа быць «збольшага прапагандай, збольшага падрыхтоўкай да магчымага канфлікту або збольшага выкрутам, або ўсімі трыма сцэнарамі адразу», — піша газэта са спасылкай на ўкраінскіх і амэрыканскіх чыноўнікаў.

Пры гэтым у Вашынгтоне лічаць, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін яшчэ не прыняў рашэньня аб уварваньні, гаворыцца ў артыкуле.

У МЗС Расеі ў адказ на просьбу пракамэнтаваць публікацыю заявілі, што расейская амбасада ў Кіеве працуе ў штатным рэжыме, паведамляе Інтэрфакс.

МЗС Украіны заяўляе, што «не атрымлівала ад расейскага боку інфармацыі пра эвакуацыю супрацоўнікаў дыппрадстаўніцтваў РФ». Са свайго боку, МЗС Украіны пакуль не плянуе эвакуаваць украінскіх дыпляматаў з Расеі.

  • Паводле зьвестак амэрыканскай выведкі на 7 студзеня, на мяжы Расеі з Украінай знаходзяцца больш за 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Таксама там заўважылі дадатковыя баявыя самалёты.
  • Расейскія ўлады адмаўляюць магчымасьць уварваньня і заяўляюць, што перасоўваньне вайскоўцаў унутры краіны – гэта «сувэрэннае права» Расеі. Паведамленьні аб уварваньні Масква называе «беспадстаўным нагнятаньнем напружанасьці».
  • Улады Расеі пачалі перамовы з ЗША і NATO аб гарантыях бясьпекі ў Эўропе. Згодна з расейскімі патрабаваньнямі, ЗША не павінны ствараць ваенныя базы на тэрыторыі краін былога Савецкага Саюзу, якія не ўваходзяць у NATO, а альянс павінен спыніць пашырэньне на ўсход. У прыватнасьці, Расея выставіла патрабаваньне не прымаць у NATO Ўкраіну. Прадстаўнікі альянсу ўжо назвалі гэтыя патрабаваньні непрымальнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG