Паводле дакумэнту ад 28 сьнежня 2021 году, Францішка Вячорку разам з блогерамі Сьцяпанам Пуцілам, Раманам Пратасевічам і Антонам Матолькам падазраюць у злачынствах паводле дзесяці артыкулаў, такіх як «дзяржаўная здрада», «арганізацыя масавых беспарадкаў», «абраза прэзыдэнта», «падрыў канстытуцыйнага ладу» і іншых. Па некаторых артыкулах абвінавачаньне выставіла падазраваным не адзін, а два пункты.
Раман Пратасевіч з траўня 2021 знаходзіцца ў зьняволеньні. Астатнія фігуранты ініцыяванай уладамі справы выехалі за мяжу.
Супраць сілавікоў за перавышэньне паўнамоцтваў, катаваньні і забойствы пратэстоўцаў пасьля жніўня 2020 году ў Беларусі не распачалі ніводнай крымінальнай справы.