Паводле міністра, адмена візы прадыктаваная клопатам аб здароўі грамадзян і адпавядае грамадзкім інтарэсам краіны.
Адмену першай візы спартовец аспрэчыў у судзе і выйграў справу. Ануляваньне другой візы будзе абскарджанае. Юрысты Джокавіча спадзяюцца, што тэнісіст зможа застацца ў краіне і ўзяць удзел у турніры Australian Open. Ён адкрываецца 17 студзеня.
Джокавіч прыляцеў у Аўстралію 5 студзеня. Памежны кантроль у аэрапорце Мэльбурну палічыў, што спартовец беспадстаўна атрымаў мэдычны адвод ад вакцынацыі супраць COVID-19. Пазьней высьветлілася, што ў анкеце таксама ёсьць недакладнасьць. Там было сказана, што апошнія два тыдні Джокавіч не падарожнічаў, аднак ён езьдзіў у Гішпанію. Тэнісіста затрымалі і адабралі тэлефон. Пасьля ўлады анулявалі яго візу і выдалі рашэньне аб дэпартацыі з Аўстраліі.
Спартовец абскардзіў рашэньне. Суд адмяніў рашэньне ўладаў аб ануляваньні візы тэнісіста, а таксама пастанавіў, што зь яго павінны зьняць карантынныя абмежаваньні і адпусьціць з гатэля, дзе ён заставаўся ў ізаляцыі на час разбору. Спартовец прыступіў да трэніровак у Мэльбурне.
12 студзеня Джокавіч патлумачыў неадпаведнасьці ў дакумэнтах тым, што ягоны агент, які запаўняў анкету, зрабіў ненаўмысную памылку.