Беларускі воінскі кантынгент, які ўваходзіць у склад сіл АДКБ, у поўным складзе прыбыў у Казахстан і пачаў выкананьне пастаўленых задач, заявілі ў Мінабароны Беларусі.
У Казахстан прыбыла рота 103-й Вiцебскай паветрана-дэсантнай брыгады. У складзе беларускай міратворчай роты пастаянна служаць 100 чалавек, пры неабходнасьці склад можа быць павялічаны да 300 чалавек.
«Падразьдзяленьне прайшло ўвесь комплекс навучаньня і падрыхтаванае для выкананьня такіх задач. Яно ўкамплектаванае толькі кантрактнікамі. Сёньня ўначы гэта падразьдзяленьне зьдзейсьніла марш у раён аэрадрома Мачулішчы, дзе ажыцьцёўлена пагрузка на самалёты Расейскай Фэдэрацыі. Цяпер яно рухаецца да месца выкананьня задач», — заявіў учора міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.
- 103-я Вiцебская асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада была створаная ў 1992 годзе, а ў 2007 годзе ўвайшла ў склад Сілаў спэцыяльных апэрацый Рэспублікі Беларусь. Дысьлякуецца ў Віцебску.
- У склад брыгады ўваходзяць тры асобныя парашутна-дэсантныя батальёны, зьмяшаны артылерыйскі дывізіён, зэнітная ракетна-артылерыйская батарэя, батальён сувязі, выведвальная рота, інжынэрна-сапёрная рота, рота аховы і абслугоўваньня, рамонтная рота, рота матэрыяльнага забесьпячэньня і мэдычная рота.
- Брыгада мае на ўзбраеньні БТР-70МБ1, мінамёт Нона-М1, бранявік Volat V1, БРДМ «Кайман», АК-74М, ВСК-94, СВД, РПГ-7.
- У 2010 годзе ўдзельнічалі ў міратворчай місіі ў Ліване, але афіцыйна не паведамлялася, у якім складзе і зь якім узбраеньнем.
- Раней СМІ меркавалі, што Беларусь адправіць у Казахстан у рамках апэрацыі АДКБ па падаўленьні пратэстаў і беспарадкаў каля 500 салдат, Расея — каля 3000, Таджыкістан — каля 200, Армэнія — каля 70.