Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыцьцё сына ў небясьпецы!» Маці палітвязьня Андрэя Войніча заявіла, што ён сьмяротна хворы


Павал Севярынец, Максім Вінярскі і Андрэй Войніч у судзе. Магілёў, 25 траўня 2021 году
Павал Севярынец, Максім Вінярскі і Андрэй Войніч у судзе. Магілёў, 25 траўня 2021 году

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Войніч, асуджаны на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, адбывае пакараньне ў ПК-15. За кратамі палітвязень знаходзіцца з 25 верасьня 2020 году.

6 студзеня маці актывіста Натальля ў фэйсбуку зьвярнулася да грамадзкасьці з просьбай падтрымаць сына і выратаваць ягонае жыцьцё. Паводле словаў жанчыны, Андрэй Войніч сьмяротна хворы:

«У яго цыроз печані пасьля віруснага гепатыту, цукровы дыябэт, пухліна над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пухір, і мноства спадарожных ускладненьняў. Ён патрабуе тэрміновай перасадкі печані, да арышту кожны месяц наведваў трансплантоляга. Неабходныя яму лекі я змагла адправіць толькі пасьля 10 сьнежня. Як толькі Андрэя этапавалі ў ПК-15, больш за месяц ад яго не было ні лістоў, ні званкоў. Як выявілася, майго сына два разы трымалі ў ШЫЗА. Разам з адвакатам мы змагаліся за жыцьцё майго сына».

Натальля Войніч адзначыла, што нядаўна справа «ссунулася з мёртвай кропкі: Андрэй прайшоў мэдагляд, яму аблягчылі працу, ён выйшаў на сувязь».

«Відавочна, у турме яго давялі да крытычнага стану і проста спалохаліся, што сын памрэ. У калёніі не жадаюць для сябе лішніх праблем».

Аднак, па словах жанчыны, катаваньні для Андрэя на гэтым не скончыліся.

«Лісты ад сяброў і іншых сваякоў яму не перадаюць. Перадач і спатканьняў ён таксама пазбаўлены. У турме ў яго няма магчымасьці падтрымліваць адмысловую дыету.

Жыцьцё майго сына ў небясьпецы! З кожным днём яму становіцца горш: ён мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі і перасадцы печані. Я патрабую неадкладнага вызваленьня майго сына і аказаньні яму мэдыцынскай дапамогі. Я зьвяртаюся да грамадзкасьці з просьбай падтрымаць майго сына, дапамагчы выбавіць яго з палону і выратаваць яму жыцьцё».

Андрэй Войніч — актывіст «Эўрапейскай Беларусі», раней быў адным з удзельнікаў апазыцыйнага руху «Зубр». За сваю апазыцыйную дзейнасьць неаднаразова падвяргаўся перасьледу.

Андрэя затрымалі разам зь Ягорам Літвінкам, Анастасіяй Кірык і Паўлам Юхневічам 25 верасьня ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках»). Паводле праваабаронцаў, у кватэру, дзе знаходзіліся актывісты «Эўрапейскай Беларусі» сілавікі патрапілі адначасова праз вакно і дзьверы: яны былі ў масках і са зброяй. У затрыманых канфіскавалі ўсю тэхніку, сьцягі, асабістыя рэчы.

25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе Андрэя Войніча пакаралі 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і абвінавацілі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG