Пэтра (Дар’я Панчанка) з Кіева зьяўляецца ў другім сэзоне серыялу, які выйшаў на стрымінгавым сэрвісе 22 сьнежня. Эмілі (Лілі Колінз) знаёміцца зь ёй у Парыжы на курсах францускай мовы, затым падчас прагулкі Пэтра крадзе адзеньне і не згаджаецца аддаць рэчы назад у краму.
Міністар Аляксандр Ткачэнка 24 сьнежня ў сваім тэлеграм-канале пісаў, што ў лісьце Netflix ён зьверне ўвагу на карыкатурны вобраз ўкраінкі ў сэрыяле.
«У „Эмілі ў Парыжы“ маем карыкатурны вобраз украінкі, які зьяўляецца непрымальным. А з другога боку — яшчэ і абразьлівым. Такімі будуць бачыць украінцаў за мяжой? Якія крадуць, хочуць атрымліваць усё бясплатна, баяцца дэпартацыі? Так не павінна быць», — заявіў ён.
28 сьнежня Ткачэнка расказаў Dev.ua, што ў Netflix адказалі на яго ліст «дастаткова дыпляматычна» і падзякавалі за зваротную сувязь. Паводле яго, яны дамовіліся, што ў 2022 годзе бакі будуць «у цесным кантакце, каб прадухіліць такія выпадкі».