Судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч асудзіла Яна Нікішкіна на паўтара года пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Паводле матэрыялаў абвінавачваньня, Нікішкін наўмысна, з выкарыстаньнем сацыяльных сетак, публічна абразіў Лукашэнку ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім сваіх службовых паўнамоцтваў, разьмясьціўшы відэаролік, які ўтрымлівае «ненарматыўную форму маўленчага выказваньня».
Сьледчыя таксама ўстанавілі, што Нікішкін двойчы, 16 і 23 жніўня 2020 году, узяў актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія нібыта груба парушылі грамадзкі парадак і былі спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі, публічна выкрыкваў лёзунгі, рухаўся па праезнай частцы дарог, ажыцьцявіў блякаваньне руху транспарту, што пацягнула за сабой парушэньне працы транспарту, у тым ліку гарадзкога пасажырскага транспарту, і дзейнасьці прадпрыемства «Мінсктранс».
Суд пастанавіў канфіскаваць мабільны тэлефон асуджанага «iPhone X», як сродак учыненьня злачынства, у даход дзяржавы.