Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніну Багінскую ў ейны юбілей затрымалі і адвезьлі ў псыхіятрычны цэнтар у Навінках 


Ніна Багінская, архіўнае фота
Ніна Багінская, архіўнае фота

Напярэдадні легендарная беларуская актывістка адзначыла 75-годзьдзе.

У свой дзень народзінаў Ніна Багінская выйшла на вуліцы Менску з плякатам «Свабоду палітвязьням», але неўзабаве яе затрымалі, паведамляе «Белсат».

«Яны выклікалі хуткую дапамогу, завезьлі ў Навінкі. У Навінках я ня першы раз, далі толькі паперку падпісаць, што я не адчуваю патрэбы ў лячэньні, што я псыхічна здаровы чалавек. Я села на 18-ы аўтобус і прыехала дахаты», — распавяла Ніна Багінская.

Таксама міліцыянты склалі на Ніну Багінскую пратакол.

Спадарыня Ніна сказала сілавікам, што напярэдадні быў таксама юбілей палітвязьня Паўла Севярынца, які, як і мноства людзей, сядзіць за кратамі, а таму неабходна патрабаваць вызваленьня палітвязьняў.

Што трэба ведаць пра Ніну Багінскую

«Чалавек-сьцяг» — 75-гадовая пэнсіянэрка Ніна Багінская стала адным з сымбаляў беларускіх пратэстаў ня толькі 2020 году, але і ўсяго дзесяцігодзьдзя.

  • Да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху яна далучылася яшчэ ў 1988 годзе, калі на Дзяды выйшла на марш у Курапаты.
  • Расла ў сям’і гарадзкой інтэлігенцыі, бацькі мелі беларускамоўных сяброў, расказвалі пра рэпрэсіі 1930-х.
  • Працавала чарцёжніцай у Інстытуце геалёгіі, займалася веласпортам.
  • Багінская — нязьменная ўдзельніца шматлікіх акцый пратэсту цягам многіх гадоў. Яе дзясяткі разоў затрымлівалі, яна ня раз начавала ў ізалятарах.
  • Яна адна з рэкардсмэнаў па колькасьці штрафаў — больш за 16 тысяч даляраў, якія яна прынцыпова адмаўляецца плаціць. За гэта ў яе апісалі два лецішчы і штомесяц забіраюць палову пэнсіі.
  • Ня мае мабільнага тэлефона, не карыстаецца інтэрнэтам, не глядзіць тэлевізар з прычыны кепскага зроку. Затое выпісвае незалежныя газэты.
  • Усе сьцягі, зь якімі выходзіць на пратэсты, шые сама. Пашыла ўжо сотні сьцягоў. Многія зь іх міліцыя пазабірала пры затрыманьнях.
  • Лічыць, што трэба перамагаць негвалтоўна, бяз зброі ў руках. Увесь час намагаецца размаўляць зь сілавікамі, прысаромліваць іх і тлумачыць, у чым яны ня маюць рацыі.
  • Словы актывісткі амапаўцу «Я гуляю» сталі лёзунгам мірных пратэстаў і інтэрнэт-мэмам.
  • Сама Багінская стала мастацкім вобразам і крыніцай натхненьня для мастакоў, якія адлюстроўваюць сучасныя падзеі ў Беларусі.
  • У верасьні 2020 году фатаздымкі актывісткі апублікаваў вядомы італьянскі часопіс пра моду Vogue.
  • Паводле актывісткі, сымбалем пратэстаў яе зрабілі журналісты і самі пратэстоўцы, найперш моладзь.
  • У кастрычніку, камэнтуючы пратэсты, Аляксандар Лукашэнка загадаў «не забіраць Багінскую з плошчаў», назваў яе перакананым чалавекам. Пасьля гэтага актывістку некалькі разоў затрымлівалі, але адпускалі без пратаколаў.
  • Мае двух дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG