Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча прызналі палітвязьнем. Ён у СІЗА-1 на Валадарскага


Алег Грузьдзіловіч, архіўнае фота
Алег Грузьдзіловіч, архіўнае фота

Журналіст Алег Грузьдзіловіч зноў лічыцца палітвязьнем. Першы раз такі статус яму надалі пасьля затрыманьня ў ліпені 2021 году, піша «Вясна».

Алега Грузьдзіловіча затрымалі 23 сьнежня, у ягонай кватэры ў Менску. Затрымлівалі яго людзі ў масках.

Каля 20-й гадзіны жонцы журналіста Мар’яне патэлефанаваў сьледчы Коласаў і паведаміў, што Грузьдзіловіча перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. Ён сказаў, што Алег праходзіць у справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў і меру стрыманьня яму зьмянілі з абавязаньня яўкі на арышт. Паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») прадугледжана пакараньне да чатырох гадоў калёніі.

24 сьнежня Мар’яна плянуе сустрэцца з адвакатам і аддаць перадачу. За час пасьля папярэдняга арышту ніводнага допыту ў Алега Грузьдзіловіча не было.

Сёлета першы раз Грузьдзіловіча разам зь яшчэ дваімі вэтэранамі Свабоды, Інэсай Студзінскай і Алесем Дашчынскім, затрымалі 16 ліпеня. У рэдакцыі Свабоды правялі ператрус. Празь дзесяць дзён іх выпусьцілі.

Грузьдзіловіч тады адмовіўся даваць паказаньні. Пры вызваленьні ён даў падпіску аб яўцы. Тры дні мужчына галадаў за кратамі на знак пратэсту супраць затрыманьня і салідарнасьці зь Інэсай Студзінскай, якая галадала 9 дзён з патрабаваньнем дапусьціць да яе адваката.

За кратамі ўжо месяц знаходзіцца фрылянсэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, на яго завялі крымінальную справу. Журналіст і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік ужо паўтара года ў зьняволеньні. Яго асудзілі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

23 сьнежня стала вядома, што беларускія сілавікі прызналі Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG