На пытаньне з залі аб тым, як хутка грамадзяне Расеі і Беларусі адчуюць рэальныя вынікі інтэграцыі, Пуцін адказаў так:
«У нас ужо шмат зроблена — свабоднае перамяшчэньне, становішча на рынку працы. Цяпер размова ідзе аб сынхранізацыі падатковага і мытнага заканадаўства. Гэта быў доўгі і няпросты працэс узгадненьня пазыцый. Мы будуем саюзную дзяржаву, узровень нашай інтэграцыі значна ніжэйшы, чым узровень інтэграцыі ў Эўразьвязе. Спачатку трэба сынхранізаваць нашае заканадаўства ў сфэры эканомікі».
На думку Пуціна, у будучыні можа зьявіцца адзіная валюта Расеі і Беларусі.
«Узровень нашай інтэграцыі зь Беларусьсю дагэтуль значна ніжэйшы, чым у Эўразьвязе. Ну проста непараўнальна. Я зараз не кажу пра адзіную валюту, бог зь ім, гэта пытаньне, магчыма, будучыні, калі нашыя адпаведныя эканамічныя службы прыйдуць да нейкай згоды на гэты конт», — сказаў Пуцін.
Сярод іншых заяваў Пуціна ўвагу журналістаў прыцягнулі словы пра тое, што «Ўкраіну стварыў Уладзімір Ільліч Ленін» і што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі «пасьля абраньня падпаў пад уплыў радыкальных элемэнтаў, якіх ва Ўкраіне называюць нацыкамі».
На прэсавую канфэрэнцыю не былі запрошаныя журналісты «Новой газеты», рэактар якой Дзьмітрый Муратаў атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за 2021 год і перадаў яе на дабрачынныя мэты.
Больш адказаў Пуціна глядзіце тут.