Зьявілася новая сьвяточная кніга пра Каляды ў Беларусі «Казка пра тое, як Сьвятога Міколу забаранялі», якую стварылі беларуская пісьменьніца Наталка Харытанюк і ілюстратарка Лізавета Ганчарова.
Гэта калядная гісторыя, якая адбываецца ў Берасьці, летась, калі ў Беларусі афіцыйна забаранілі Сьвятых Міколаў — за спалучэньне белага і чырвонага колеру. Так, на маратон Санта Клаўсаў летась на калядныя сьвяты, напалі амапаўцы і некаторых Сантаў тады затрымалі.
У казцы людзі ў чорным таксама палююць на Сьвятых Міколаў, але аднойчы трапляюць на самага сапраўднага Сьвятога Міколу. І тады пачынаецца змаганьне. Не, ён не ператварае людзей у чорным у пацукоў. Казка заканчваецца старой мэтафарай — якой заканчваліся раней ці пазьней розныя таталітарныя сыстэмы: зло зьнішчае само сябе.
Кніга задумалася ў верасьні 2021-га, а ўжо 20 сьнежня выйшла яе электронная вэрсія ў польскім выдавецтве «Калегіюм Эўропы Ўсходняй» (Уроцлаў).
Казка выйшла ў арыгінале па-беларуску і ў перакладзе Вячаслава Лявіцкага на ўкраінскую ды ў аўтаперакладзе на ангельскую пад рэдактурай Шамаля Ратнаяка.
23 сьнежня а 19.00 паводле менскага часу Наталка Харытанюк правядзе онлайн-прэзэнтацыю кнігі, на якой раскажа пра супольную працу над кнігай, пра дапамогу, якая дазволіла так хутка (за няпоўныя тры месяцы) зьявіцца каляднай кнізе па-беларуску, і пра саму казку.