Як паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства культуры Беларусі, музэй грамадзкага дзеяча, дыплямата, паўстанца, кампазытара, аўтара палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай» у Залесьсі на Смаргоншчыне стаў пераможцам XIX рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь – 2021» у намінацыі «Музэй году: раённыя (гарадзкія) музэі».
У валоданьне Міхала Клеафаса Агінскага драўляная сядзіба ў Залесьсі перайшла на пачатку ХІХ стагодзьдзя ад ягонага бязьдзетнага дзядзькі, кухмістра Вялікага Княства Літоўскага Францішка Ксавэрыя Агінскага. Неўзабаве новы гаспадар, які ў часы перасьледу паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі пасьпеў пажыць у Парыжы і Вене, пачаў узводзіць побач «каменныя Атэны» — палацава-паркавы комплекс у стылі клясыцызму.
За наступныя дзьве сотні гадоў палац перажыў этапы, характэрныя для многіх славутых мясьцінаў: ад пампэзнай велічы да глыбокага заняпаду. Фізычна пашкодзілі будынкі дзьве ўсясьветныя вайны, маральна зьнявечылі бальшавікі. Пасьля таго, як у 1939-м адсюль выселілі апошніх гаспадароў, паноў Жаброўскіх, у пакоях «кватаравалі» коні і калгасная тэхніка, а потым у палацы быў дом састарэлых. Спробы пачаць аднаўленьне на пачатку 1990-х плёну ня мелі: грошай хапіла на муляжы млына і альтанкі, а фасад узялі ў рыштаваньні.
У канцы 2000-х актывізавацца прымусіў 250-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага, празь які UNESCO абвясьціла 2015-ы годам гэтай выбітнай асобы. Тэрміны здачы аб’екта шмат разоў пераносіліся, бо пэрманэнтныя крызісы зьядалі выдзеленыя сродкі. Да юбілею аўральную рэканструкцыю ўсё ж здолелі завершыць.