Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў двух чытаньнях законапраект «Аб зьмяненьні кодэксаў», перадае БелТА.
Паводле БелТА, «законапраектам прапануецца ўвядзеньне крымінальнай адказнасьці за арганізацыю дзейнасьці або ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі або фонду, якія не прайшлі ў вызначаным парадку дзяржаўнай рэгістрацыі або ў дачыненьні да якіх ёсьць рашэньне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, якое набыло законную моц, аб іх ліквідацыі або прыпыненьні іх дзейнасьці».
Якое пакараньне плянуецца за такую дзейнасьць, не паведамляецца.
Апрача таго, дэпутаты ўхвалілі папраўкі ў закон «Аб масавых мерапрыемствах», якімі забаронены «збор, атрыманьне і выкарыстаньне грашовых сродкаў, іншай маёмасьці для кампэнсацыі расходаў, абумоўленых прыцягненьнем асобы да адказнасьці за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў».