Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 21 сьнежня: двойчы за год жыхарку Менску пакаралі «хатняй хіміяй» за абразу міліцыянтаў


Дар’я Двайных
Дар’я Двайных

У Беларусі штодня выносяцца выракі ў крымінальных справах, зьвязаных зь нязгодай людзей з палітыкай дзяржавы.

Затрымалі студэнта БДУ

20 сьнежня затрымалі студэнта юрфака БДУ Ільлю Сіўцова. Яго выклікалі на факультэт, каб напісаць тлумачальную, але дахаты ён не вярнуўся. Цяпер Ільля чакае суду ў менскай турме на Акрэсьціна, паведамляе @volnyBDY

Другая «хатняя хімія» за абразу міліцыянтаў

Суд Маскоўскага раёну Менску разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні 29-гадовай касіркі Дар’і Двайных. Для маці дваіх малалетніх дзяцей гэта ўжо ня першы суд за абразу (арт. 369 КК РБ). У красавіку гэтага году жанчыне прысудзілі год «хатняй хіміяй» за абразу супрацоўніка міліцыі. Пры гэтым розьніца паміж часам пакіданьня першага камэнтара, за які жанчыну судзілі ў Горадні, і другім камэнтаром, за які яе судзілі ў сталіцы, склала каля 2 гадзін.

Паводле абвінавачаньня, Дар’я ў тэлеграм-супольнасьці «Карнікі Беларусі» пакінула камэнтар пад публікацыяй аб старшым інспэктары аддзелу аховы правапарадку Нясьвіскага РАУС Тацяне Кульбацкай: «Паскуда нясьвіская».

Справу разглядала судзьдзя Кацярына Мурашка, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымліваў намесьнік пракурора раёну Андрэй Бугук. Прысуд: 2 гады «хатняй хіміі». Пры гэтым яшчэ па першым прысудзе з такой самай мерай пакараньня Двайных мусіць адбыць 4,5 месяца. На другім судзе яна прызнала сваю віну.

У матэрыяле, пад якім жанчына пакінула камэнтар, паведамлялася, што міліцыянтка Кульбацкая выклікала адну з жанчын у Нясьвіжы на гутарку, але ў выніку затрымала яе за бел-чырвона-белае адзеньне сабакі, а ў камэры затрыманай не далі неабходных лекаў.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG