Былы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў назваў блогера Сяргея Ціханоўскага геніем у вялікай гутарцы з Мікітам Мелказёравым у праекце «Жизнь-малина».
Вадзім Пракоп’еў расказаў пра свой ад’езд зь Беларусі з тэніснай торбай, пра паўстаньне як адзіны шлях для зьмены ўлады ў краіны, навошта яму патрэбна 14 хвілін на гутарку з Ціханоўскай і чаму ён бачыць Марыю Калесьнікаву ў ролі прэзыдэнта.
Пракоп’еў узгадаў падзеі 2020 году перад выбарамі.
«Я разумеў, што будзе ўсплёск народнага гневу. Я цудоўна адчуваў нэрв менскіх скрыжаваньняў. Я разумеў, што будзе бойка. У той жа час я разумеў наіўнасьць і інфантыльнасьць тых людзей, якія толькі-толькі пачалі раскрываць сабе вочы на беларускі палітычны лад. Таму вельмі важна было разгайдаць. Вельмі важна было дадаць любога агню туды», — выказаўся суразмоўца.
На ягоную думку, ва ўсіх беларускіх выбарчых кампаніях не хапала апазыцыйнай агітацыі, «хадоў, якія бы разгайдалі грамадзкасьць».
«Ціханоўскі ў гэтым сэнсе абсалютны геній. Ён паехаў проста туды, у правінцыю, і, працуючы фактычна падстаўкай для мікрафона, зрабіў неймаверны пераварот сьвядомасьці», — выказаў думку Пракоп’еў.
«Наша ніва» занатавала выказваньні Пракоп’ева ў згаданым інтэрвію пра беларускую мову.
«Беларуская мова — гэта такая важная штука, асабліва ў тым становішчы, у якім мы цяпер знаходзімся. Мова — гэта тэма, якую нельга проста так марна абмяркоўваць. Гэта, калі хочаце, асобнае інтэрвію. Гэта тое пытаньне, на якое трэба будзе нацыі адказаць, гэта вельмі складана. Ня трэба яго насаджаць, ня трэба змагацца за яго — яго трэба проста зрабіць сэксапільным, і для гэтага ў новай краіне ўсе шанцы ёсьць».
Падчас гутаркі суразмоўца адзначыў, што ён гатовы на ўсё дзеля Беларусі, нават памерці «за новую Беларусь» і «перамогу».
Вадзім Пракоп’еў — грамадзкі дзеяч, сябра Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, у мінулым рэстаратар.