У Злучаных Штатах рассакрэцілі шэраг дакумэнтаў, зьвязаных са справай аб забойстве прэзыдэнта краіны Джона Кенэдзі ў 1963 годзе. Усяго Нацыянальны архіў ЗША раскрыў 1491 дакумэнт, які раней быў недасяжны дасьледчыкам.
Упраўленьне нацыянальных архіваў і дакумэнтацыі працягвае апрацоўку раней засакрэчаных запісаў, зьвязаных з забойствам Джона Кенэдзі, і некаторыя зь іх цяпер апублікаваныя. Гэта адбываецца ў адпаведнасьці з распараджэньнем прэзыдэнта Джо Байдэна, выдадзенага кіраўнікам выканаўчай улады ЗША, якое патрабуе публікацыі дакумэнтаў.
Паводле папярэдніх ацэнак, цяперашняя публікацыя часткова адрэдагаваных (замаскаваных) дакумэнтаў, праўдападобна, не зьмяшчае інфармацыі, якая магла б істотна зьмяніць разуменьне абставінаў сьмерці 5-га прэзыдэнта ЗША. Разам з тым гэта можа выклікаць чарговую хвалю дыскусій пра падзеі амаль 60-гадовай даўнасьці.
Джон Фіцджэральд Кенэдзі стаў прэзыдэнтам ЗША ў 1960 годзе. 22 лістапада 1963 году падчас паездкі ў Далас, штат Тэхас, яго застрэлілі ў машыне. Лі Гарві Освальду афіцыйна выставілі абвінавачаньне ў забойстве, але ходзяць і вэрсіі аб тым, што ў Кенэдзі страляў ня ён.
Пасьля стрэлаў снайпэра Кенэдзі памёр на працягу паўгадзіны. Сьведка, які бачыў снайпэра, перадаў яго апісаньне паліцыі. На працягу наступных 1,5 гадзіны падазраваны Лі Гарві Освальд застрэліў паліцыянта, які спрабаваў спыніць яго, схаваўся ў кінатэатры, дзе ўрэшце быў знойдзены і арыштаваны. Ён сьцьвярджаў паліцыі, што невінаваты, але лябараторныя дасьледаваньні пацьвердзілі, што гэта ён страляў з забойчай зброі.
24-гадовы Освальд, былы марскі пяхотнік ЗША, у 1959 годзе эміграваў у СССР, пражыў некалькі гадоў у Менску і вярнуўся ў Злучаныя Штаты ў 1962-м.
У 2017 годзе партыю раней сакрэтных дакумэнтаў апублікавалі па загадзе адміністрацыі папярэдняга прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.