«Ні гэтыя асобы, ні беларускі народ не заслугоўваюць такіх жорсткіх рэпрэсій, — адзначыў Блінкен. — На жаль, гэтыя прысуды зьяўляюцца чарговым сьведчаньнем ігнараваньня рэжымам (…) міжнародных абавязаньняў, а таксама правоў чалавека і асноўных свабод беларусаў. Беларускі народ заслугоўвае лепшага».
«Мы паўтараем наш заклік да рэжыму Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ, палітычнай апазыцыі, спартоўцаў, студэнтаў, юрыстаў і іншых беларусаў; неадкладна вызваліць усіх больш як 900 палітвязьняў, у тым ліку спадароў Ціханоўскага, Лосіка, Статкевіча і іншых; весьці сапраўдны дыялёг з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю; правесьці свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным назіраньнем; спыніць жорсткую эксплюатацыю ўразьлівых мігрантаў; і выконваць свае абавязаньні па міжнародным праве», — дадаў дзяржсакратар ЗША.
14 сьнежня быў вынесены прысуд па «справе Ціханоўскага». Сяргей Ціханоўскі атрымаў 18 гадоў калёніі, Ігар Лосік і Ўладзімер Цыгановіч — па 15 гадоў, Дзьмітры Папоў і Арцём Сакаў — па 16 гадоў. Палітыка Міколу Статкевіча пакаралі калёніяй на 14 гадоў.