Як паведаміў сёньня дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, у Міжнародны дзень правоў чалавека ЗША ўводзяць адмысловыя санкцыі супраць 12 службовых асобаў з розных краінаў, датычных да грубых парушэньняў правоў чалавека.
Пад санкцыі падпалі адзін угандзіец, чацьвёра кітайцаў, шэсьць банглядэшцаў, два шрылянкійцы, адзін мэксіканец. Таксама санкцыі ўжытыя адносна Ігара Кенюха і Яўгена Шапецькі, кіраўнікоў ізалятара часовага ўтрыманьня і цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна ў Менску. Яны трапілі пад санкцыі «за датычнасьць да грубых парушэньняў правоў чалавека, а менавіта да катаваньняў і/або жорсткага, бесчалавечнага або прыніжальнага для годнасьці абыходжаньня з затрыманымі ў выніку сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году».
Кенюх і Шапецька ўжо былі ў сьпісе асобаў, якія трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША ў жніўні 2021 году.
У сваім звароце да Дня правоў чалавека Блінкен адзначыў: «Мы вітаем шчыльную каардынацыю з ЭЗ, Вялікай Брытаніяй і Канадай на мінулым тыдні ў дачыненьні да нашага наймацнейшага на сёньняшні дзень пакету санкцыяў у дачыненьні да Беларусі, які сумесна наносіць шкоду рэжыму Лукашэнкі за працяг рэпрэсіяў супраць беларускага народу. Злучаныя Штаты зь нецярпеньнем чакаюць працягу нашага партнэрства з саюзьнікамі і грамадзянскай супольнасьцю ў справе абароны правоў чалавека і прасоўваньня падсправаздачнасьці і добрага кіраваньня».
Што варта ведаць пра санкцыі ЗША