Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр ксёндз Міхал Сапель, які адрадзіў беларускамоўную імшу на Залатой Горцы


Сьвятар Міхал Сапель.
Сьвятар Міхал Сапель.

Айцец Міхал Сапель быў першым пробашчам адроджанага менскага касьцёла Сьвятога Роха на Залатой Горцы.

Раніцай 10 сьнежня на 55-м годзе жыцьця памёр ксёндз Міхал Сапель, першы пробашч адроджанай парафіі Найсьвяцейшай Тройцы (касьцёла сьвятога Роха) на Залатой Горцы ў Менску, паведамляе catholic.by.

Ксёндз Міхал Сапель нарадзіўся 17 лістапада 1967 года ў Браславе, бацька яго быў праваслаўным, маці — каталічкай.

Пасьля школы спачатку паступіў у мэдвучэльню ў латвійскім Даўгаўпілсе, праз год — у духоўную сэмінарыю ў Рызе.

У 1990-м малады сьвятар вярнуўся ў Менск, яго прызначылі вікарыем касьцёла Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, а пазьней стаў пробашчам парафіі Сьвятога Роха, усе службы вёў па-беларуску. Ад арцыбіскупа і будучага кардынала Казімера Сьвёнтка атрымаў заданьне душпастырскай апекі над тымі, хто ў Менску жадаў маліцца па-беларуску.

«Дзякуючы грамадзка-палітычным пераменам на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя аднавіліся набажэнствы ў адной з забраных савецкімі ўладамі менскіх святынь — касьцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы», — паведамляе catholic.by.

Міхал Сапель перакладаў літургічныя тэкстаў на беларускую мову, галоўным плёнам ягонай працы стаў выдадзены ў 2004 годзе «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі».

У розны час святар быў душпастырам у парафіях Маці Божай Ружанцовай і сьвятога Дамініка ў Ракаве, Нараджэньня Маці Божай у Заслаўі, дырэктарам Caritas Менск і Беларусь, узначальваў камісію па перакладзе літургічных тэкстаў.
У апошні час Міхал Сапель служыў вікарыем у парафіі Найсьвяцейшай Тройцы (сьвятога Роха) на Залатой Горцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG