Канцлер паабяцаў падаць у адстаўку, як толькі Аўстрыйская народная партыя выбера лідэра. Пра гэта інфармуе DW.
Аляксандар Шаленбэрг паведаміў пра сваё рашэньне ў пісьмовай заяве ў чацьвер, 2 сьнежня 2021 году, усяго праз сем тыдняў пасьля ўступленьня на пасаду і толькі празь некалькі гадзін пасьля таго, як ягоны папярэднік на пасадзе канцлера і лідэр кіроўнай Аўстрыйскай народнай партыі (АНП) Сэбастыян Курц абвясьціў аб сваёй адстаўцы з усіх палітычных пастоў.
Паводле Шаленбэрга, ён вызваліць сваю пасаду, як толькі стане ясна, хто будзе кіраваць партыяй АНП.
«Я трымаюся цьвёрдай думкі, што абедзьве пасады — кіраўніка ўраду і фэдэральнага старшыні партыі, якая набрала ў Аўстрыі найбольшую колькасьць галасоў, — павінны быць хутка ўзьяднаныя ў адных руках», — так канцлер растлумачыў свой крок, удакладніўшы, што ніколі ня ставіў перад сабой мэты ўзначаліць АНП.
Аляксандар Шаленбэрг, які ўзначальваў да таго міністэрства замежных спраў, стаў канцлерам Аўстрыі ў кастрычніку, пасьля таго як на фоне абвінавачаньняў у карупцыі з гэтай пасады сышоў Сэбастыян Курц.
Пасяджэньне фэдэральнага кіраўніцтва Аўстрыйскай народнай партыі заплянаванае на 3 сьнежня. У якасьці магчымага наступнага старшыні АНП і канцлера аўстрыйскія СМІ называюць міністра ўнутраных спраў Карла Нэхамэра.