Прыняўшы законапраект аб часовым фінансаваньні ўраду ЗША да сярэдзіны лютага, абедзьве палаты Кангрэсу прадухілілі прыпыненьне працы ўрадавых устаноў у краіне.Кантраляваны дэмакратамі Сэнат Кангрэсу ЗША 2 сьнежня ўхваліў законапраект аб часовым фінансаваньні амэрыканскай адміністрацыі да 18 лютага 2022 году.
У падтрымку гэтага дакумэнту прагаласавалі 69 сэнатараў, 28 выказаліся супраць. Гэта дазволіла пазьбегнуць шатдаўну — прыпыненьня працы ўрадавых устаноў — усяго за суткі да заканчэньня тэрміну, — паведамляе «Голас Амэрыкі».
На некалькі гадзін раней законапраект прыняла Палата прадстаўнікоў ЗША — 221 галасамі «за» пры 212 «супраць». Цяпер дакумэнт павінен падпісаць прэзыдэнт краіны Джо Байдэн.
«Я рады, што ўрэшце здаровы сэнс перамог. Урад працягне працу», — заявіў лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр, падзякаваўшы сябрам верхняй палаты Кангрэсу за тое, што яны адвялі краіну «ад мяжы непазьбежнага, непатрэбнага і дарагога шатдаўну».
Рэспубліканцы пагражалі блякаваньнем фінансаваньня
Фінансаваньне фэдэральнага ўраду павінна было скончыцца 3 сьнежня апоўначы паводле мясцовага часу, але некаторыя рэспубліканцы ў Сэнаце прыгразілі заблякаваць законапраект празь незадаволенасьць палітыкай адміністрацыі Байдэна, якая тычыцца патрабаваньняў абавязковай вакцынацыі ад каранавірусу.Затрымка прыняцьця дакумэнту магла азначаць, што сотні тысяч фэдэральных службоўцаў адправілі б у вымушаны неаплачаны адпачынак. Гэта таксама прывяло б да спыненьня або скарачэньня многіх фэдэральных праграм.