Дзейная і будучы канцлеры Ангела Мэркель і Олаф Шольц правялі ў чацьвер перамовы з кіраўнікамі фэдэральных земляў і прыйшлі да пагадненьня наконт новых захадаў барацьбы з пандэміяй каранавірусу. Для вакцынаваных уводзяцца новыя патрабаваньні па тэставаньні.
Да Калядаў у нямецкіх рэанімацыях могуць апынуцца да шасьці тысячаў грамадзян краіны, папярэдзіла ў сераду нацыянальная асацыяцыя рэаніматалёгіі. Цалкам вакцынаваныя каля 69% грамадзян краіны, гэта адзін з найгоршых вынікаў у краінах Заходняй Эўропы.
Толькі ў чацьвер у краіне зарэгістравалі 74 тысячы новых заражэньняў каранавірусам. Ад пачатку пандэміі хваробу знайшлі амаль у шасьці мільёнаў грамадзян.
На гэтым фоне Шольц, які ў хуткім часе ўзначаліць нямецкі ўрад, выступіў за ўвядзеньне абавязковай вакцынацыі. Сёньня яго падтрымала ў гэтым Мэркель, гэтая ініцыятыва знаходзіць усё большую ўхвалу і ў кіраўніцтве ўсяго Эўразьвязу.