Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першы вечар Ханукі адкрыўся Беларуска-яўрэйскі фэстываль


Сёньня ўвечары, з пачаткам яўрэйскага Сьвята сьвятла — Ханукі — пачаўся Беларуска-яўрэйскі фэстываль, які пройдзе ў рэжыме онлайн да 6 сьнежня.

Фэстываль арганізаваны Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і адбываецца ўжо другі год.

Паводле ініцыятараў, ідэя Беларуска-Яўрэйскага Фестывалю (Rajsiš-Jidišer festival) —

  • расказаць пра асаблівасьці і ўзаемасувязі беларускай і яўрэйскай культуры, паказаць, як яна паўплывала на нацыянальную і сусьветную культурную спадчыну;
  • пазнаёміць удзельнікаў з традыцыямі, забытымі ці невядомымі большасьці падзеямі і імёнамі, не падтрымліваючы ілжывыя шаблёны і клішэ;
  • раскрыць сувязь пакаленьняў, адкрыць шлях да пошуку каранёў і нацыянальнай ідэнтычнасьці, да каштоўнасьцяў, якія павінны знайсьці працяг у сучасных беларусах.

Чырвонай ніткай у Фэстывалі праходзіць ідэя непадзельнай узаемасувязі яўрэйскай і беларускай культуры, таго значэньня, якое нясе ў сабе гэтая шматвяковая гісторыя.

Фэстываль адкрываюць у нядзелю 28 лістапада лекцыі Уры Гершовіча «Ханука — сьвята агнёў» і Марыі Касьпінай «Яўрэйскія ханукальныя звычаі ў беларуска-яўрэйскім кантэксьце».

У панядзелак 29 лістапада адбудзецца прэзэнтацыя музычнага альбома «Rajsn-elektronik: яўрэйска-беларуская электроніка» — электронныя пераасэнсаваньні беларуска-+яўрэйскай музыкі.

У аўторак 30 лістапада пройдзе онлайн-экскурсія па АНУ — Музэі яўрэйскага народу ў Тэль-Авіве: «Спадчына яўрэяў Беларусі» з Алексам Табакам.

У сераду 1 сьнежня — кулінарная майстар-кляса: ханукальныя стравы беларуска-яўрэйскай кухні ў сучаснай інтэрпрэтацыі.

У чацьвер 2 сьнежня адбудзецца спэцыяльны паказ відэаспэктаклю «Жыцьцё і незвычайныя прыгоды Саламона Маймона» і абмеркаваньне зь яго стваарльнікамі Андрэем Сільвестравым і Уры Гершовічам.

У пятніцу 3 сьнежня Павал Касьцюкевіч прэзэнтуе пераклад раману «Падарожжы Бэньяміна Трэцяга» клясыка яўрэйскай літаратуры Мэндэлэ Мойхер-Сфорыма. Разам зь перакладчыкам пра кнігу пагавораць Міхаіл Круцікаў, Мардэхай Юшкоўскі і Алесь Астравух. У той самы вечар Лера Каплан правядзе майстар-клясу каліграфіі: стварэньне закладкі для кнігі.

У суботу 4 сьнежня арганізатары запрашаюць у прагулку па яўрэйскім Менску з дапамогай 2-га маршруту аўдыёгіда. 1-ы маршрут быў прэзэнтаваны на леташнім Беларуска-яўрэйскім фэстывалі.

У нядзелю 5 сьнежня Натальля Голава і Аляксей Розаў запрашаюць на майстар-клясу яўрэйскага танцу.

За ўсімі падзеямі фэстывалю можна сачыць на афіцыйным сайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG