Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая краіна закрыла межы для іншаземцаў праз новы штам каранавірусу «Омікрон»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ізраіль на два тыдні закрые ўезд для іншаземцаў. Грамадзянам Ізраілю, якія вяртаюцца на радзіму, зробяць больш жорсткімі правілы для тэставаньня і самаізаляцыі.

Улады Ізраілю зь вечара 28 лістапада на два тыдні забароняць уезд іншаземцам праз распаўсюджваньне новага штаму каранавірусу В.1.1.529, які атрымаў назву «Омікрон», паведамляе Times of Israel. Мера не закране тых, хто атрымае спэцыяльны дазвол ад урадавай камісіі.

Ізраіль стаў першай краінай, якая закрыла межы для замежнікаў праз новы варыянт вірусу SARS-CoV-2. Акрамя гэтага, улады ўвялі больш строгія правілы па тэставаньні і самаізаляцыі для ізраільцян, якія прыбываюць у краіну з-за мяжы.

Як паведамляе Haaretz са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя краіны, у Ізраілі пацьверджаны адзін выпадак заражэньня новым штамам В.1.1.529, размова ідзе пра жанчыну, якая вярнулася ў краіну з Малаві (Паўднёва-Ўсходняя Афрыка). Яшчэ сем чалавек з падазрэньнем на гэты штам праходзяць праверку, зь іх чацьвёра таксама вярнуліся з-за мяжы.

Раней празь небясьпеку распаўсюду новага штаму Ізраіль забараніў уезд сваім грамадзянам у 50 краін Афрыкі за выключэньнем выпадкаў, ухваленых спэцыяльнай камісіяй. Ізраільцяне пасьля вяртаньня з гэтых краінаў павінны прайсьці мінімум тыднёвы карантын. Уезд іншаземцаў з гэтых краінаў у Ізраіль таксама забаранілі.

Штам «Омікрон» выявілі на поўдні Афрыкі ў лістападзе. Сусьветная арганізацыя здароўя прызнала В.1.1.529 пагрозай, бо ён можа перадавацца хутчэй за іншыя штамы, заражаць тых, хто ўжо перахварэў, і аслабляць дзеяньне вакцын.

Выпадкі заражэньня штамам «Омікрон» пацьверджаныя ў Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Ганконгу, Нямеччыне, Італіі і Чэхіі.

У САЗ падкрэсьліваюць, што пакуль аб новым штаме мала дадзеных, каб гаварыць з упэўненасьцю, што ён распаўсюджваецца хутчэй за існыя варыяцыі каранавірусу, што ён «абыходзіць» дзеяньне вакцын або што прыводзіць да больш цяжкага цячэньня хваробы.

  • Паведамленьні аб новым штаме паступаюць на фоне пагаршэньня сытуацыі з распаўсюджваньнем каранавірусу ў большасьці краін Эўропы. Некаторыя зь іх увялі локдаўн ці іншыя жорсткія меры з мэтай зьніжэньня колькасьці кантактаў паміж людзьмі.
  • У шматлікіх краінах, уключаючы Нямеччыну, ледзь не штодня дасягаюцца новыя максымальныя паказьнікі па колькасьці заражаных за суткі.
  • Колькасьць сьмерцяў, аднак, у цэлым застаецца ніжэйшай, чым мінулай восеньню і зімой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG