Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 25 лістапада: Ігара Банцэра сёмы раз пакаралі штрафным ізалятарам, групавыя выракі за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы


У Беларусі працягваецца перасьлед грамадзян за пратэсты і падіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Музыку сёмы раз накіравалі ў штрафны ізалятар

Горадзенскага рок-музыку Ігара Банцэра зноў накіравалі ў штрафны ізалятар на 10 дзён за тое, што ў інтэрнэце зьявілася відэа з «хіміі», якое ён здымаў раней. Пры тым, што іншым зьняволеным не забараняюць рабіць здымкі і выкладаць у сеціва.

Паказальна, што пра відэа творца сам паведаміў супрацоўнікам адміністрацыі.

За час на «хіміі» ён правёў у штрафным ізалятары 60 дзён, 19 зь іх галадаў на вадзе, 20 правёў у горадзе Гарадок у памяшканьні без ацяпленьня позьняй восеньню.

Па словах паплечнікаў па «хіміі», Ігара Банцэра каралі за тое, што звычайна іншым даруюць: быў лёгка непаголены, ляжаў на ложку, спазьніўся на адбой на 5 хвілін.

Ігар Банцэр мае выйсьці на волю 17 студзеня 2022 году. Сёлета ў верасьні суд вырашыў перавесьці яго ў калёнію агульнага рэжыму, потым высьветлілася, што рашэньне не правамоцнае праз памылку ў дакумэнтах.

Новы суд вырашыў, што Ігар Банцэр застанецца адбываць пакараньне на «хіміі».

Настаўніка-палітвязьня асудзілі да 3 гадоў «хіміі»

У віну Аляксею Мінаву паставалі ўдзел у менскіх пратэстах 9–10 жніўня 2020 году. Яго затрымалі больш як праз год пасьля падзей — сёлета 25 жніўня.

Аляксей Мінаў — літаратар, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Ён скончыў БДУ, працаваў у школе, а ў дзень затрыманьня павінен быў выйсьці на працу ў Ліцэі БДУ.

Вырак агучыла судзьдзя Юлія Шут. Дзяржабвінаваўцам быў пракурор Сьвятаслаў Вялікі, паведаміла «Вясна».

Жанчын пакаралі за падпіскі на «экстрэмісцкія каналы»

25 лістапада ў Баранавічах судзілі трох жанчын, у якіх губазікаўцы правялі ператрусы 18 лістапада.

Маці дваіх дзяцей Натальлю Росьлік за падпіску на чат-бот «Платформа Голос» аштрафавалі на 522 рублі.

Пэнсіянэрку Вольгу Заяц за падпіску на «Nexta», «Nexta Life», «Luxta» і «ByPol» аштрафавалі на 435 рублёў і канфіскавалі тэлефон.

Маці дваіх дзяцей Дарʼю Несьцер за падпіску на «Nexta» і «Nexta Life» аштрафавалі на 522 рублі, а таксама канфіскавалі тэлефон і ноўтбук, паведаміла «Вясна назірае».

Судзьдзя Сяргей Данільчык палічыў, што жанчыны захоўвалі экстрэмісцкую інфармацыю з мэтай распаўсюду — менавіта за гэта, а не за падпіску, прадугледжана адказнасьць артыкулам 19.11 Адміністрацыйнага кодэксу.

Усяго праваабаронцам вядома пра 15 затрыманых. 5 зь іх ужо пакаралі арыштам ад 6 да 15 сутак, чатырох — аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG