Апэрацыя, паводле расьсьледаваньня ByPol, распрацоўвалася ў адным з будынкаў МУС, аднак пасьля шырокага рэзанансу ў СМІ плян быў «перафарматаваны» і пачалі стварацца так званыя «тэрарыстычныя сьпісы», у якія трапілі Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка і шэраг іншых асобаў.
Што тычыцца падрыхтоўкі быццам бы сарванага самімі сілавікамі тэракту, то тут супрацоўнікі ГРУ пад кіраўніцтвам генэрал-маёра Руслана К., якіх ByPol называе «прарасейскімі плячыма», справакавалі праз пратэставы чат жыхара Пінску Вячаслава М., якога ў выніку затрымалі за «тэрарызм». Паводле вэрсіі МУС, пададзенай праз «пакаяльнае» відэа, суразмоўца мужчыны ў адным з чатаў назваўся супрацоўнікам ByPol і прапанаваў зладзіць выбух.
Несупадзеньнем ByPol называе тое, што самазванец прапанаваў Вячаславу М. самастойна знайсьці ў інтэрнэце чалавека, які ўмее вырабляць выбуховыя прыстасаваньні.
Акрамя таго, мяркуе ByPol, на першым відэа Вячаслава М. добра відаць, што яго перад запісам білі. А словы першага намесьніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча пра нібыта прадухілены міліцыяй тэракт разыходзяцца як зь першымі, так і другімі паказаньнямі Вячаслава.
У відэа на наступны дзень пінчук ужо паведаміў, што дзейнічаў разам і па наводцы свайго знаёмага Яўгена. Пры гэтым паказаныя на відэа прадметы нагадваюць звычайны выбуховы пакет, які вельмі адрозьніваецца ад іншых выбуховых прыстасаваньняў, пра якія заяўлялі ў міліцыі.
ByPol сьцьвярджае, што выкрыў асобу загадкавага знаёмца затрыманага: гэта завэрбаваны ГУБАЗіКам Яўген П. з Барысава, які сядзеў зь ім у турме ў Івацэвічах, прыняў іслам і праз гэта трапіў у асобны сьпіс кантролю.
Ініцыятыва былых сілавікоў паказала, што ў яе карыстаньне трапіў сьпіс людзей, якія маюць мусульманскае веравызнаньне, а вядзе гэты сьпіс ГУБАЗіК, прычым супрацоўнік, адказны за яго, падпісваўся за Віктара Бабарыку перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году і фігураваў у першапачатковых сьпісах на звальненьне, аднак пасьля, у абмен на працу ў вэрбаваньні, быў захаваны на працы.
Як адзначае ByPol, Яўгена П. пасьля вэрбаваньня выпусьцілі з турмы, замяніўшы яму пакараньне на «хатнюю хімію».
Пасьля ўдала праведзенай правакацыі з арыштам мужчыны зь Пінску шэраг сілавікоў атрымаў узнагароды і падзякі. А вось таямнічага «знаёмага Яўгена», які нібыта дзейнічаў ад ByPol, а папраўдзе быў зьвяном разыгранай ГУБАЗіК і ГРУ камбінацыі, у міліцэйскіх відэа так і не паказалі.
Што такое ініцыятыва ByPol
У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».