Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ 118 мігрантаў вярнуліся зь Беларусі дадому; іншыя спрабавалі прарвацца ў Польшчу

абноўлена

Часовыя пашпарты ў руках ірацкіх мігрантаў, якія вярнуліся зь Беларусі, 18 лістапада
Часовыя пашпарты ў руках ірацкіх мігрантаў, якія вярнуліся зь Беларусі, 18 лістапада

22 лістапада зь менскага аэрапорту вылецелі 118 мігрантаў. У той жа дзень група з паўсотні чалавек штурмавала польскую мяжу.

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, 22 лістапада зь менскага аэрапорту вылецелі 118 мігрантаў, паведаміў «Интерфакс-Запад».

«Гэтыя 118 чалавек вылецелі ў індывідуальным парадку, органы ўнутраных спраў, памежныя войскі аказалі ім садзейнічаньне ў афармленьні дакумэнтаў і пропуску празь дзяржаўную мяжу», — сказаў начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун.

Паводле яго, сёньня вылеціць яшчэ адна група мігрантаў. Яна ўжо прайшла мытныя і памежныя працэдуры ў аэрапорце.

Першым эвакуацыйным рэйсам зь Менску ў Ірак 18 лістапада вылецелі 430 мігрантаў. Наступны рэйс анансаваны на 28 лістапада. Мігрантаў адвязуць сьпярша ў Арабскія Эміраты, адкуль будзе стыковачны рэйс у Ірак.

У гандлёва-лягістычным цэнтры ў «Брузгах» цяпер месьціцца каля 2 тысяч мігрантаў.

Польшча. Група мігрантаў спрабавала сілай прарвацца празь мяжу

Учора польскія памежнікі зафіксавалі 174 спробы перасячэньня мяжы па-за пунктамі пропуску. Каля Белавежы група з 50 мігрантаў спрабавала прарвацца празь мяжу сілай. Паводле польскага міністэрства абароны, мігрантам дапамагалі беларускія сілавікі. Міністэрства апублікавала відэа, на якім чуваць нецэнзурная лаянка і бачна, што памежнікаў сьлепяць мігатлівае сьвятло страбаскопаў.

22 лістапада ў тэлефоннай размове зь Святланай Ціханоўскай міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў расказаў пра намер Польшчы закрыць мяжу і гандлёвыя пераходы, а таксама спыніць транзыт грузаў, калі рэжым у Менску працягне эскаляцыю мігранцкага крызісу.

Нямеччына. Ад пачатку году «беларускім маршрутам» у краіну трапілі 10 128 мігрантаў


Прычым за першыя сем месяцаў году іх было толькі 26 чалавек.

  • У жніўні колькасьць мігрантаў вырасла да 474,
  • у верасьні — да 1903,
  • у кастрычніку — да 5285.

За першыя тры тыдні лістапада выявілі 2287 мігрантаў, якія прыбылі зь Беларусі, перадае DW.

Літва. Колькасьць спробаў пераходу мяжы рэзка зьнізілася

У панядзелак літоўскія памежнікі не прапусьцілі ў краіну 18 нерэгулярных мігрантаў. Днём раней, у нядзелю, такіх спробаў было 70, у суботу — 44, у пятніцу — 54, а ў чацьвер — 106, паведаміў Delfi.

Аднаго мігранта 22 лістапада прапусьцілі у краіну з гуманітарных прычынаў. 11 мігрантаў затрымалі ўжо на тэрыторыі Літвы.

Літву пакінуў З21 мігрант

Частка гэтых мігрантаў пакінула Літву добраахвотна, частку дэпартавалі, паведаміла МУС Літвы.

Каб аформіць дакумэнты для мігрантаў, на тым тыдні прыяжджала дэлегацыя з ірацкага пасольства ў Варшаве. У наступныя тыдні чакаецца адʼезд яшчэ больш як ста чалавек.

Раней з больш як 1300 прашэньняў аб прытулку Літва задаволіла толькі 6. Астатнім мігрантам давядзецца пакінуць краіну. Тым, хто зробіць гэта з уласнай волі, літоўскія ўлады купяць квіток і дадуь 300 эўра на дарогу.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG