Рытэнгаўс у судзе настойваў, што дзейнічаў у мэтах самаабароны. У момант учыненьня злачынства, у якім яго абвінавачвалі, яму было 17 гадоў. Даючы ў судзе паказаньні аб падзеях 25 жніўня мінулага года, ён заплакаў.
Пракурор патрабаваў прызнаць дзеяньні Рытэнгаўса наўмыснымі. Прысяжныя прымалі рашэньне па справе амаль чатыры дні, засядаючы штодзень з 9:00 да 16:00 пачынаючы з 16 лістапада. Як удакладняюць экспэрты-юрысты ў эфіры CNN, абскардзіць рашэньне журы з 12 засядацеляў пракуратура ня зможа — гэта значыць Рытэнгаўс цалкам апраўданы.
Пратэсты ў Кэношы, штат Вісконсін, пачаліся пад лёзунгам Black Lives Matter праз тое, што паліцыянт пры затрыманьні цяжка паранілі афраамэрыканца Джэйкаба Блэйка, стрэліўшы яму ў сьпіну некалькі разоў. Падчас начных беспарадкаў узброены Рытэнгаўз прыехаў у Кэношу зь мястэчка ў Ілінойсе за 30 кілямэтраў ад гэтых месцаў: як ён тлумачыў, каб абараніць жыхароў гэтага горада і іх уласнасьць. Ён застрэліў няўзброенага Джозэфа Розэнбаўма, які спрабаваў адабраць у Рытэнгаўса вінтоўку пасьля таго, як пачуў стрэлы (па словах сьведкаў, іх зрабіў хтосьці іншы). Іншы чалавек, застрэлены Рытэнгаўсам, — Энтані Хубэр, ён ударыў узброенага падлетка скэйтам, калі той ляжаў на зямлі. Яшчэ адзін пацярпелы, паранены Гейдж Гроскройц, быў узброены пісталетам.