Святлана Ціханоўская 19 лістапада сустрэлася з
- намесьніцай дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях грамадзянскай бясьпекі, дэмакратыі і правоў чалавека Узрай Зэяй,
- дырэктаркай па дэмакратыі Рады нацыянальнай бяспекі ЗША пры Белым доме Тэс Макенэры,
- амбасадаркай ЗША Джулі Фішэр,
- прадстаўнікамі каманды Бабарыкі і Каардынацыйнай рады Тацянай Хоміч і Іванам Краўцовым.
876 беларусаў прызнаныя палітвязьнямі. Яшчэ тысячы знаходзяцца ў зьняволеньні з палітычных матываў, але адмаўляюцца ад прызнаньня палітвязьнямі, бо гэта пагражае большым ціскам і пагаршэньнем умоваў, сказала Ціханоўская.
Яна апавяла, што больш за 20 палітвязняў маюць крытычныя праблемы са здароўем і іх жыцьцё пад пагрозай.
У той жа час яна заявіла, што «нельга дапусьціць гандлю палітвязьнямі. «Лукашэнка ўжо пракручваў гэты трук некалькі разоў», – адзначыла Ціханоўская.
Ціханоўская сказала, што трэба дапамагчы сем'ям палітвязьняў, незалежным мэдыям, грамадзянскім ініцыятывам і беларускім перасяленцам.
«Людзі павінны адчуваць дапамогу і ведаць, што яны не застануцца ў бядзе», — адзначыла яна.
Узра Зэя расказала пра заплянаваныя і скаардынаваныя паміж Эўразьвязам і ЗША санкцыі.
На сустрэчы таксама абмеркавалі ўдзел беларускіх дэмакратычных сілаў у саміце па дэмакратыі, які абвясьціў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.
Гэтай сустрэчай ЗША падкрэсьліла падтрымку дэмакратычных памкненьняў беларускага народу, напісала ў твітэры Узра Зэя.
«Пара вызваліць палітвязьняў, спыніць жахлівыя злоўжываньні рэжыму і правесьці свабодныя і справядлівыя выбары» — адзначыла яна.
Асобна яна ўзгадала пра зьняволенага журналіста Радыё Свабоды Ігара Лосіка.
«Мы працягваем уважліва сачыць за справай журналіста Беларускага Радыё Свабода Ігара Лосіка. Ігар, калі ласка, ведай, што ЗША з табой і падтрымліваюць цябе. Мы заклікаем неадкладна вызваліць Ігара Лосіка і ўсіх іншых палітвязьняў», — напісала Узра Зэя.