33 байцы прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр», затрыманыя ў ліпені 2020 году і пазьней высланыя зь Беларусі, апынуліся ў краіне транзытам праз спэцапэрацыю Галоўнага ўпраўленьня разьведкі ўкраінскага Мінабароны (ГУРМА) па затрыманьні баевікоў, якія маюць дачыненьне да ваенных злачынстваў на ўсходзе Ўкраіны.
Гэта вынікае з апублікаванага сёньня сумеснага расьсьледаваньня Bellingcat і Insider.
Як сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні, для захопу байцоў ПВК «Вагнэра» ГУРМА Ўкраіны стварыла фіктыўную ПВК «МАР» на аснове ўжо зарэгістраванай расейскай вайсковай кампаніі і вэрбавала наймітаў з баявым вопытам нібыта для аховы нафтавых аб’ектаў «Раснафты» на Блізкім Усходзе.
Адным зь людзей, якія адгукнуліся на вакансію, аказаўся Арцём Міляеў з пазыўным «Шаман», які сьцьвярджаў, што ваяваў у Чачні, Данбасе і Сырыі і быў намесьнікам камандзіра штурмавой брыгады ў самаабвешчанай ДНР, дзе камандаваў больш як сотняй байцоў. Ён прапанаваў набраць у кампанію сваіх былых падначаленых.
На працягу некалькіх месяцаў куратар «Сяргей Пятровіч», які насамрэч быў спэцназаўцам з рэальным баявым досьведам, сабраў разам зь Міляевым 180 наймітаў для праекту. «Да пачатку чэрвеня 2020 году ГУРМА атрымала сотні старонак падрабязных, напісаных ад рукі прызнаньняў баевікоў аб іх ролі ў незаконных баявых дзеяньнях ва Ўсходняй Украіне, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, а таксама імёны камандзіраў і фатаграфіі мэдалёў, выдадзеных Крамлём, і нават раней нідзе не апублікаваныя відэа- і фотаматэрыялы аб вайсковых злачынствах, такіх як зьбіцьцё ўкраінскага вайсковага гелікоптэра на Данбасе ў 2014 годзе», — пішуць расьсьледавальнікі.
У чэрвені 2020 году навабранцам паведамілі, што куратара забілі ў Сырыі. ГУР зрабіла гэта для таго, каб выйграць час і вырашыць, ці праводзіць апэрацыю. Хутка зьявіўся новы куратар, які прапанаваў падобныя ўмовы працы, але ў Вэнэсуэле.
Далей украінцы прадумалі сцэнар прымусовай пасадкі самалёта з наймітамі. Згодна зь ім чалавек, які знаходзіцца ў менскім аэрапорце, меўся патэлефанаваць у службу кіраваньня паветраным рухам Украіны і папярэдзіць, што ў яго ёсьць важкія падставы лічыць, што на борце самалёта закладзеная бомба. Тады самалёту загадаюць зрабіць экстраную пасадку ў кіеўскім аэрапорце, дзе і затрымаюць расейскіх наймітаў.
У сярэдзіне чэрвеня пра апэрацыю далажылі прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. Ён даў згоду на яе правядзеньне, да падрыхтоўкі апэрацыі падключылі Службу бясьпекі Ўкраіны (СБУ), якая выбрала са сьпісу 28 найважнейшых асобаў. ГУРМА давяло лік да 45, дадаючы ў сьпіс наймітаў без баявога досьведу на Данбасе.
15 ліпеня першай групе купілі 34 білеты зь Менску ў Стамбул на рэйс, які вылятаў празь дзесяць дзён. Другая група павінна была вылецець праз два дні. Датай вяртаньня назвалі 19 кастрычніка, дзеля праўдападобнасьці абедзьвюм групам забраніравалі зваротныя квіткі.
Усе ўдзельнікі першай групы прыбылі ў Маскву для адпраўкі своечасова, толькі адзін зь іх захварэў і ня выехаў. Па фальшывых працоўных дамовах ім дазволілі ўехаць у Беларусь.
У ноч на 29 ліпеня 2020 году беларускія сілавікі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў ПВК «Вагнэр», яшчэ аднаго чалавека затрымалі на поўдні краіны. Агенцтва БелТА тады сьцьвярджала, што сілавыя органы атрымалі інфармацыю аб прыбыцьці ў Беларусь «больш як 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў пэрыяд выбарчай кампаніі».
Паведамлялася, што ў Менск найміты прыбылі ў ноч на 25 ліпеня і засяліліся ў адзін са сталічных гатэляў. У той жа дзень яны мусілі выселіцца, але пакінулі гатэль толькі 27 ліпеня і перабраліся ў адзін з санаторыяў пад Менскам.
У сярэдзіне жніўня затрыманых баевікоў перадалі Расеі.