Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр міліцэйскі генэрал, які напісаў рапарт пра забойствы беларускіх палітыкаў


Акцыя памяці ў Менску ў 2015 годзе
Акцыя памяці ў Менску ў 2015 годзе

Мікалай Лапацік быў начальнікам крымінальнай міліцыі МУС.

Пра сьмерць Лапаціка паведаміла журналістка Ірына Халіп.

У 2000 годзе ў выніку сьледзтва генэрал‑маёр міліцыі Мікалай Лапацік падаў на імя тагачаснага міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава рапарт, у якім абвінаваціў Віктара Шэймана ў тым, што той даў загад на зьнішчэньне Юрыя Захаранкі. Паводле рапарту, загад выконваў Дзьмітры Паўлічэнка пры дапамозе Юрыя Сівакова, які забясьпечыў групу пісталетам ПБ‑9, часова забраным зь менскага СІЗА № 1.

Як вынікала з рапарту генэрала Лапаціка, Віктар Шэйман загадаў свайму падначаленаму Юрыю Сівакову арганізаваць выкраданьне і зьнішчэньне Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, што было выканана пры ўдзеле Дзьмітрыя Паўлічэнкі. Тагачаснага генпракурора Алега Бажэлку адправілі ў адстаўку, а ягонае месца заняў Віктар Шэйман.

Пазьней улады назвалі дакумэнт фальшыўкай. Спэцдакладчык ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс прапанаваў правесьці графалягічную экспэртызу фатакопіі запіскі, у выніку Навумаў і Шэйман пацьвердзілі, што яна была сапраўды напісаная Лапацікам і завізаваная Навумавым. На загад Лукашэнкі Навумаў узначаліў міжведамасную групу ў справе расьсьледаваньня зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага.

У 2017 годзе міліцэйская газэта «На страже» апублікавала вялікі артыкул пра генэрала Лапаціка, у якім назвала яго «сівой легендай і сышчыкам ад Бога», пры гэтым не згадала пра справы зьніклых, якія ён расьсьледаваў.

Мікалай Лапацік нарадзіўся 12 кастрычніка 1946 году ў вёсцы Караліна Менскага раёну ў шматдзетнай сялянскай сям'і. Ён скончыў прафтэхвучэльню пры Менскім маторным заводзе, працаваў фармоўшчыкам на Менскім трактарным заводзе. Пасьля войска паступіў у вячэрнюю школу, працаваў на заводзе імя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У 1969 годзе Лапацік стаў курсантам Менскай спэцыяльнай сярэдняй школы міліцыі. Працаваў інспэктарам аддзелу крымінальнага вышуку Заводзкага РАУС Менску, пазьней быў намесьнікам начальніка райаддзелу па апэратыўнай працы.

Са сьнежня 1986 па лістапад 1992 году ён узначальваў у сталічным крымінальным вышуку аддзел па раскрыцьці злачынстваў супраць асобы.

Мікалай Лапацік сышоў з органаў унутраных справаў на пэнсію ў 54 гады — у 2000 годзе, калі напісаў той самы скандальны рапарт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG