Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён усім дзякаваў за падтрымку». Бацька сустрэўся з палітвязьнем Сьцяпанам Латыпавым


Сьцяпан Латыпаў у судзе падчас выраку. Менск, 16 жніўня 2021 году.
Сьцяпан Латыпаў у судзе падчас выраку. Менск, 16 жніўня 2021 году.

​​​​​​​Менскі гарадзкі суд 16 лістапада пакінуў бязь зьменаў прысуд палітвязьню Сьцяпану Латыпаву.

17 лістапада зь ім сустрэўся бацька ў менскім СІЗА № 1 на Валадарскага.

«Усё дзейства заняло каля 35 хвілін, зь якіх 20 хвілін "раілася"судовая калегія, — сказаў бацька палітвязьня Сяргей Латыпаў пра разгляд апэляцыі на прысуд. — Камэнтаваць тут няма чаго. Усё было перадвызначана загадзя, і апэляцыя ўсяго толькі судовая фармальнасьць. Ілюзій ніхто ня меў. Цяпер у нашай краіне такая судовая практыка пастаўлена на канвэер».

Сёньня Сяргей Латыпаў меў сустрэчу ў СІЗА з сынам, якая цягнулася гадзіну. Размаўлялі, як звычайна, праз тэлефонную слухаўку.

«Сьцяпан выглядае нармальна, упэўнена, спакойна. Рыхтуецца да этапу ў калёнію. Усё неабходнае ў яго ёсьць, — кажа Сяргей. — Мы абмяркоўвалі асабістыя пытаньні. Ён усім дзякаваў за падтрымку, лісты, пасылкі і грашовыя пераводы».

У якую калёнію накіруюць Сьцяпана Латыпава, пакуль невядома.

41-гадоваму Сьцяпану Латыпаву прысудзілі 8,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 300 базавых велічынь. Яго абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў: 342-га («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), 363-га («Супраціўленьне супрацоўніку міліцыі») і ч. 4 арт. 209 («Махлярства ў асабліва буйным памеры»). Падчас суду Сьцяпан Латыпаў спрабаваў забіць сябе — ён уваткнуў асадку сабе ў горла. Пасьля гэтага палітвязьня праапэравалі ў адной зь менскіх лякарняў.

Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня мінулага году, калі ён разам з суседзямі выйшаў абараніць мурал з «дыджэямі перамен» у двары свайго дома. Падчас ператрусу ў ягонай кватэры знайшлі хімічныя рэчывы, якімі, як паведамлялі дзяржаўныя мэдыя, ён нібыта хацеў атруціць міліцыянтаў. Аднак на судзе абвінавачаньняў у атручэньні ня выставілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG