На мінулым тыдні кіраўніцтва банку паінфармавала акцыянэраў, што перастае выносіць на разгляд кіраўнічай рады праекты прыватнага сэктару ў Беларусі, паведамілі сайту devex.com крыніцы, знаёмыя з абмеркаваньнем. Акцыянэры ЭБРР — у тым ліку Злучаныя Штаты, Расея, Кітай, усе 27 краінаў — чальцоў Эўразьвязу і Эўракамісія — былі паінфармаваныя кіраўніцтвам на мінулым тыдні пра падзеі ў Беларусі, якая намагаецца прымусіць мігрантаў нелегальна перайсьці мяжу ЭЗ.
Эўракамісія была адным з самых рэзкіх крытыкаў далейшага крэдытаваньня, паведаміла Devex адна з крыніц, тым часам як Расея выступіла ў абарону беларускіх уладаў. Як толькі стала зразумела, што ніякія новыя праекты для Беларусі ня пройдуць рады, крыніца паведаміла, што кіраўніцтва абвясьціла аб намеры не прапаноўваць далейшае крэдытаваньне нават прыватных кампаній.
Прадстаўнік ЭБРР адмовіўся ад камэнтароў.
Гэта зьмена пазыцыі адбылася пасьля таго, як краіны ЭЗ у панядзелак дамовіліся аб санкцыях, якія могуць быць накіраваныя на людзей ці арганізацыі, што спрыяюць незаконнаму перасячэньню мяжы ЭЗ людзьмі пераважна з Іраку, Сырыі і Емэну.
Пытаньне крэдытаваньня ЭБРР у Беларусі заставалася ў стадыі разгляду пасьля таго, як у траўні рэжым прымусіў прызямліцца цывільны авіялайнэр, каб затрымаць журналіста Рамана Пратасевіча. Крэдытаваньне сувэрэнных пазычальнікаў было спыненае пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году.