Відэа ягонага адказу разьмясьціў тэлеграм-канал вайсковага ведамства.
«Навошта яны нам тут патрэбныя ? Калі ў нас ёсьць саюзная дзяржава, ёсьць паняцьце рэгіянальная групоўка войскаў, куды ўваходзяць усе ўзброеныя сілы РБ і частка сіл і сродкаў ад РФ, якіх, паводле нашых разьлікаў, дастаткова. Калі будзе неабходнасьць, ну вось жа ж, Расея зусім побач. Яны ўсе будуць у нас на тэрыторыі.
Разьмяшчаць авіяцыйныя, яшчэ нейкія базы — яны нам не патрэбныя. Мы выпрацавалі іншы мэханізм. Мы рыхтуем свае ўзброеныя сілы ў рамках вучэбна-баявых цэнтраў, дзе арганізоўваем сумеснае дзяжурства, вывучаем тэхніку, дзелімся досьведам. Ніякіх баз ня будзе. Але калі спатрэбіцца, то тут, як сказаў прэзыдэнт, будзе хоць усё расейскае войска».
У верасьні для сумеснага баявога дзяжурства ў складзе нядаўна створанага вучэбна-баявога цэнтру сумеснай падрыхтоўкі Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі заступілі зэнітна-ракетныя і авіяцыйныя падразьдзяленьні дзьвюх краін.
Адначасова ў гэты ж час на Горадзеншчыне заступілі на баявое дзяжурства спэцыялісты расейскіх зэнітных ракетных войскаў.