Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна павялічвае кантынгент войскаў і паліцыі на мяжы зь Беларусьсю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

8,5 тысяч украінскіх памежнікаў, вайскоўцаў і паліцыянтаў будуць дадаткова абараняць мяжу праз пагрозу перакідваньня ўладамі Беларусі вялікіх групаў мігрантаў да мяжы з Украінай, паведаміла міністэрства ўнутраных спраў Украіны.

Варту будуць несьці Дзяржаўная памежная служба, Нацыянальная гвардыя і Нацыянальная паліцыя Ўкраіны. Таксама дзяжурыць на мяжы будуць 15 верталётаў, якія будуць зьдзяйсьняць патруляваньне.

«Украінская мяжа недапрацаваная, таму Ўкраіна павінна як мага хутчэй пабудаваць „інтэлектуальную мяжу“ з Расеяй і Беларусьсю. На фінансаваньне гэтага праекта спатрэбіцца 17 мільярдаў грыўняў. Гэтыя сродкі будуць выдзеленыя зь бюджэту», — сказаў міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі.

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дэйнэка адзначыў, што пакуль прамой пагрозы на мяжы няма, аднак Украіна рыхтуецца да любых сцэнароў, якія могуць паўстаць перад яе сіламі.

Сытуацыю на беларуска-эўрапейскай мяжы 11 лістапада па тэлефоне абмеркавалі прэзыдэнты Ўкраіны і Літвы Ўладзімір Зяленскі і Гітанас Наўседа, паведаміла прэс-служба Зяленскага.

Зяленскі паведаміў аб узмацненьні аховы ўкраінскай мяжы зь Беларусьсю. «Мы адэкватна адрэагуем на разьвіцьцё сытуацыі на нашых межах. Мы ўжо нарошчваем магчымасьці памежнай службы і гатовыя залучыць і іншыя рэзэрвы», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

11 лістапада ў Валынскай вобласьці Ўкраіну на стыку межаў Польшчы, Украіны і Беларусі пачаліся супольныя вучэньні сілавых структур Украіны на выпадак спробы перамяшчэньня мігрантаў зь беларускай тэрыторыі. У іх задзейнічалі Дзяржаўную памежную службу, Нацыянальную паліцыю, Дзяржаўную службу надзвычайных сытуацый і Нацыянальную гвардыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG