Міністар абароны назваў цяперашні крызіс зь мігрантамі «самай вялікай праблемай» самога Аляксандра Лукашэнкі.
«Ягоная пазыцыя ясная — ён хоча неяк адпомсьціць за балючыя санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да ягонага рэжыму Эўразьвязам. Ня думаю, што ў яго гэта добра атрымліваецца. Відавочна, Лукашэнка прыдумаў, што можа зрабіць нешта падобнае да таго, што адбывалася ў 2015 годзе, калі праз Эўропу ішлі вялікія патокі мігрантаў. Сваімі самалётамі і дзяржаўнымі турыстычнымі фірмамі ён пачаў прывозіць гэтых мігрантаў у Беларусь, зьбіраць зь іх грошы і казаць, што потым яны трапяць у ЭЗ, бо Эўрапейскі Зьвяз усіх прымае. Але ён памыліўся. Балтыйскія краіны і Польшча ня будуць прымаць гэтых мігрантаў», — заявіў Пабрыкс.
Кіраўнік абароннага ведамства Латвіі перакананы, што праблема сама сабой ня вырашыцца, бо цяпер у Беларусі сабралася 10–15 тысяч мігрантаў. «Падыходзіць зіма. І калі ён сваімі сіламі ня здолее іх пераштурхнуць да нас, яму давядзецца вырашаць гэтую праблему самому».
Пабрыкс адказаў на пытаньне, ці не перарасьце цяперашні гуманітарны крызіс у ваенны крызіс з удзелам сілаў NATO. «Калі сытуацыя пагоршыцца, гэта ня будзе гуманітарны крызіс. Ужо адпачатку гэта не было гуманітарным крызісам. Гэта гібрыдная апэрацыя Лукашэнкі. Мы ўжо чулі ад польскага боку, што там і стрэлы былі, і ўсялякія магчымыя правакацыі. Але мы павінны сваю мяжу абараняць, і адкрываць яе ня будзем».
Паводле міністра, далей сытуацыя можа ісьці па двух варыянтах. «Адзін сцэнар, калі Лукашэнка з дапамогай паліцыі працягвае нарошчваць колькасьць гэтых мігрантаў каля мяжы з Латвіяй, Літвой і Польшчай і імкнецца яшчэ больш ускладніць гэтую сытуацыю, даводзячы да канфлікту. Тады і Расея можа ў ім удзельнічаць. І NATO, таму што мы павінны сваю мяжу абараняць. Іншы варыянт — калі [Лукашэнка] павінен неяк ціхенька адправіць мігрантаў назад за свае грошы. Таму што, канечне, ён ня хоча трымаць у сябе гэтыя 15 тысяч мігрантаў».