Бурэль заявіў, што карані цяперашняга міграцыйнага крызісу — у рэжыме Лукашэнкі, «які ня мае ніякай павагі да чалавечай годнасьці і чалавечага жыцьця». Ён дадаў, што Эўразьвяз разглядае магчымасьць «мабілізаваць структуры ААН, каб вырашаць гэты новы крызіс, створаны рэжымам Лукашэнкі».
Бурэль таксама заклікаў разьвязаць гуманітарны крызіс, які склаўся на беларуска-польскай мяжы. Ён падкрэсьліў, што людзі знаходзяцца на беларускім баку, і таму найперш беларускі рэжым павінен даць гуманітарным арганізацыям доступ для дапамогі мігрантам.
Бурэль назваў дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі «відавочным адказам на нашыя санкцыі».
«Вы ўводзіце супраць мяне санкцыі, я ствару вам праблемы. Калі мне давядзецца паставіць у небясьпеку людзей, каб стварыць непрыемнасьці, я так і зраблю», — гэтак ён апісаў дзеяньні Лукашэнкі.
Бурэль дадаў: «Гэта не вайна, але гэта напад. Гэта ператварэньне людзей у зброю». Паводле яго, «адчай людзей, якія шукаюць лепшага жыцьця, дазваляе нялюдзкаму дыктатару выкарыстоўваць іх як зброю, якую можна кідаць аб сьцяну».